Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ мінулай восеньню намінаваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру, паведамляе японская газэта Asahi са спасылкай на крыніцу ў японскім урадзе.
Згодна з паведамленьнем, амэрыканскія афіцыйныя асобы пасьля сустрэчы Трампа зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам папрасілі Абэ вылучыць кандыдатуру прэзыдэнта ЗША.
Афіцыйна МЗС Японіі не пацьвердзіла і не абвергла гэтую інфармацыю, Белы дом таксама не даваў камэнтароў.
15 лютага прэзыдэнт ЗША заявіў, што японскі прэм’ер вылучыў яго кандыдатуру, ацаніўшы яго намаганьні ў справе наладжваньня дыялёгу з Паўночнай Карэяй. Трамп тады сказаў, што атрымаў ад Абэ копію ліста ў Нобэлеўскі камітэт аб вылучэньні яго кандыдатуры.
Пры гэтым Трамп прызнаў, што «мабыць, не атрымае» прэмію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаму раяць адмовіцца ад Нобэлеўскай прэмііПаводле правілаў Нобэлеўскага камітэту, лідэры дзяржаваў маюць права вылучаць кандыдатуры на атрыманьне прэмій. Пры гэтым інфармацыю пра тое, хто быў вылучаны і кім, апублікуюць толькі праз 50 гадоў пасьля ўручэньня прэміі.
Нобэлеўскую прэмію міру за 2018 год прысудзілі за намаганьні, накіраваныя на спыненьне сэксуальнага гвалту «як зброі» падчас войнаў і ўзброеных канфліктаў. Ляўрэатамі гэтай прэміі сталі лекар з Конга Дэні Муквэге і ірацкая праваабаронца Надзія Мурад.
У 2009 годзе Нобэлеўскім ляўрэатам стаў папярэднік Трампа на пасадзе прэзыдэнта ЗША Барак Абама.