У дарожна-транспартным здарэньні ў гарадзкім пасёлку Ружаны (Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць) загінула паўгадовае дзіця і яго 44-гадовая бабуля, паведамляе БелаПАН са спасылкай на ДАІ Берасьцейскай вобласьці.
25-гадовая маці дзіцяці зь цяжкімі траўмамі шпіталізаваная ў рэанімацыйнае аддзяленьне.
Трагедыя адбылася 17 лютага каля 12.20 на вуліцы Косаўскай. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца аўтамабіля «МАЗ», які перавозіў у прычэпе лесаматэрыял, спрабаваў аб’ехаць пешаходаў, якія ішлі насустрач па краі праезнай часткі. Прычэп перакуліўся, бярвёны ўпалі на жанчын і на дзіця, якое ляжала ў вазочку.
На месцы здарэньня працуе сьледча-апэратыўная група.