Падтрымаць пратэстоўцаў у Берасьце 17 лютага прыехалі зь Менску палітыкі Віталь Рымашэўскі, Юры Губарэвіч і Мікалай Казлоў.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі распавёў, што яны ведаюць аб затрыманьні напярэдадні ў Берасьці праваабаронцы Уладзімера Вялічкіна і актывіста Віталя Казака. Таму і прыехалі сюды, каб падтрымаць жыхароў горада, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва небясьпечнага завода, паведамляе БелаПАН.
«Тое, што зрабілі берасьцейцы, абараняючы гэты кавалачак свабоды — гэта вельмі важна. Улады павінны бачыць, што людзі супраць гэтага міні-Чарнобыля, які будуюць пад Берасьцем».
Палітык кажа, што ўлады Берасьця «павінны пачуць людзей». Ён нагадаў пра аналягічныя экалягічна небясьпечныя прадпрыемствы ў Сьветлагорску, Магілёве, Гомлі, супраць якіх таксама пратэстуюць мясцовыя жыхары. «Нам трэба спыніць гэта дзеля будучыні нашай краіны», — заявіў Рымашэўскі.
Удзельнікі сустрэчы на плошчы Леніна паведамілі, што сёньня а 7.30 у Бярозе на чыгуначным вакзале быў затрыманы блогер Аляксандар Кабанаў. Яго даставілі ў мясцовы РАУС, дзе на працягу трох гадзін апытвалі з нагоды пратэсту 10 лютага. Людзі лічаць, што Кабанава адмыслова затрымалі, каб ён ня змог прыехаць у Берасьце на традыцыйную нядзельную сустрэчу.
Пратэстоўцы таксама выказвалі абурэньне затрыманьнем Вялічкіна і Казака, якіх зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня і будуць судзіць.
Падобныя пратэсты адбываюцца ў Берасьці кожную нядзелю, пачынаючы з 25 лютага 2018 года. Людзі зьбіраюцца на плошчы Леніна і кормяць галубоў.