Любяць ажыны, баяцца авечак, размаўляюць на дыялектах. 8 нечаканых фактаў пра ваўкоў

Ілюстрацыйнае фота

Аленяў і казуляў у лесе стане менш, калі ладзіць паляваньне на ваўкоў. А калі драпежнікаў зусім не застанецца, гэта можа прывесьці да эрозіі рэчышчаў. Грузінскі навуковец Ясон Бадрыдзэ прыехаў у Менск, каб расказаць пра ваўка. Бадрыдзэ больш за два гады пражыў у ваўчынай сям’і ў дзікай прыродзе.

Каб трапіць у сям’ю ваўкоў, раскладаў пялюшкі са сваім потам у лесе, дапамагаў ім паляваць на аленяў

Ясон Бадрыдзэ з адукацыі фізіёляг. Калі ён толькі пачаў працаваць, то вырашыў дасьледаваць паводзіны жывёлы на прыкладзе ваўкоў.

«Якім чынам? Адзінае, што прыйшло мне ў галаву, — гэта знайсьці сям’ю ваўкоў і прывучыць яе да майго паху», — кажа Ясон.

Ясон Бадрыдзэ ў Менску

Ёе абмотваўся дзіцячымі пялюшкамі і старымі прасьцінамі, насіў іх на целе, каб тканіна прасяклася ягоным пахам. Потым раскладваў пялюшкі на ваўчыных сьцежках у лесе. Гэта заняло ў навукоўца каля чатырох месяцаў.

«Спачатку ваўкі абыходзілі пялюшкі, затым пачалі іх ірваць. Гэта ўжо добрая прыкмета, што яны не баяцца майго паху», — распавядае Ясон.

І вось настаў час, калі ён сустрэўся з ваўкамі лоб у лоб. Мацёры воўк спыніўся за пяць мэтраў ад Ясона і ўтаропіўся ў яго.

«Ня ведаю, колькі ён глядзеў, — кажа Ясон. — Мне падалося, гэта была вечнасьць. Потым ён ашчэрыўся, гыркнуў, клацнуў зубамі і пайшоў. Я зразумеў, што я перамог».

Так ваўкі зразумелі, што гэты чалавек не нясе небясьпекі для іх. Адгэтуль Ясон змог суправаджаць ваўкоў паўсюдна. Адлегласьць ад яго да ваўчынае сям’і была ад пяці да ста мэтраў.

Ваўкі ў міні-заапарку ў Беластоку. Ілюстрацыйнае фота

Часам ён ня толькі назіраў за імі, але і браў удзел у паляваньні. Ясон ведаў, што алені рухаюцца сьцежкамі. І калі ваўкі гналі аленя, Ясон выходзіў яму напярэймы. Алень спавольваў рух, і ваўкі даганялі жывёліну.

«Мая прысутнасьць для іх мусіла быць выгаднай, — кажа Ясон. — І гэта іх, відаць з усяго, натхніла».

Але навуковец ня стаў часткаю сям’і. Ён тлумачыць, што нельга ўваходзіць у сацыяльную сыстэму дзікіх ваўкоў, бо тады давялося б прымаць ранг у іхнай ярархіі.

«А прыняцьце рангу — гэта праца зубамі пераважна. Мяне такое не задавальняла», — кажа Ясон.

Нечаканыя факты пра ваўкоў

Ясон Бадрыдзэ дасьледаваў ваўкоў у савецкі час і больш за два гады знаходзіўся побач зь імі. 1500 гадзін ён назіраў за драпежнікамі ў дзікай прыродзе.

Пазьней Бадрыдзэ займаўся яшчэ з ручнымі ваўкамі. Ён выгадаваў і адпусьціў у прыроду 22 ваўкі. Як зьмянілася ягонае стаўленьне да драпежнікаў і чым яны яго зьдзівілі? Ніжэй прыводзім найцікавейшыя рэчы зь ягонага выступу ў рамках праекту vouk.by. Навуковец прыехаў у Менск на запрашэньне грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкага заалягічнага таварыства.

1. Маюць дыялекты. Грузінскія ваўкі не разумеюць канадзкіх

Воўк у 30-кілямэтровай зоне адсяленьня. Ілюстрацыйнае фота

У ваўкоў ёсьць дзьве формы выцьця: прыроджаная і набытая. Гэта так званы дыялект. У межах гэтага дыялекту розныя папуляцыі ваўкоў могуць не зразумець адны адных.

Ясон Бадрыдзэ вызначыў, што за выцьцём ваўкоў крыецца сэмантыка. Пэўныя формы выцьця азначаюць вельмі канкрэтныя рэчы, якія разумеюць усе ваўкі адной папуляцыі.

І навуковец прыдумаў сваю форму выцьця, якая азначала «ежа». Калі ён выў такім чынам, то даваў ваўкам мяса. Праз пару тыдняў ваўкі беспамылкова прыходзілі па ежу ў адказ на гэты гук.

«А потым я пасадзіў іх на галодную дыету. І ваўкі пачалі выпрошваць у мяне ежу, паўтараючы тое выцьцё, якім я раней падаваў ім знак „ежа“», — кажа Ясон.

Калі ён прыехаў у Канаду, то паспрабаваў выклікаць дзікіх ваўкоў «грузінскім» выцьцём.

«Чхаць яны на мяне хацелі. Ніхто ня выйшаў. А потым прафэсар мясцовы такім роўным выцьцём, як з клярнэта, завыў. І яму ваўкі адказалі».

2. Любяць ягады

Для Ясона было нечаканасьцю, што ваўкі любяць ягады. Паводле яго, воўк ніколі не абміне куст ажынаў.

«Вы зьдзівіцеся, але ваўкі цудоўна ядуць ажыны. Дашчэнту аб’ядаюць куст. Як ім не перашкаджаюць калючкі?» — кажа навуковец.

Пасьля дасьледаваньня дзікіх ваўкоў ён больш за 20 гадоў назіраў за ручнымі ваўкамі. Аднойчы, калі яму не было чым карміць ваўкоў, ён прывёз ім памідоры.

«Мой знаёмы арганізаваў амаль тону некандыцыйных памідораў, — кажа Ясон. — Яны цудоўна іх елі».

3. Умеюць лічыць

Фота з архіву АПБ

Калі больш дакладна — апэраваць множнасьцю. Гэта значыць адрозьніваць адну колькасьць прадметаў ці аб’ектаў ад іншай. Ваўкі апэруюць множнасьцю ў межах сямі.

«Гэта чалавек прыдумаў лік, калі пачаў параўноўваць колькасьць прадметаў з колькасьцю пальцаў, — кажа Ясон. — А ваўкі апэруюць множнасьцю паводле сыстэмы „больш-менш“. 7 — невялікая колькасьць. Але варыяцыяў у межах сямі — 5040».

4. Маюць традыцыі паляваньня

Розныя папуляцыі ваўкоў могуць паляваць на розную жывёлу. Адна група палюе на аленя, а другая — на лася. Гэта пры тым, што лася нашмат цяжэй здабыць. Але такая ў ваўкоў традыцыя паводзінаў.

Таксама Ясон аднойчы засьведчыў старажытную традыцыю паляваньня. У літаратуры апісаны прыём паляваньня ў пэўнай імпэратарскай паляўнічай гаспадарцы пры запаведніку. Рэч у тым, што ваўкі заўсёды імкнуцца гнаць ахвяру па ўхіле ўніз. А ў гэтай гаспадарцы яны чамусьці гналі аленя ўгару.

Высьветлілася, што той схіл заканчваўся ярам. Калі алені зь яго зрываліся, то ваўкі абыходзілі гару і без праблемаў зьядалі жывёліну.

«Такі ж прыём я пабачыў на ўласныя вочы ў тым жа лясьніцтве. А гэта больш за сто гадоў прайшло. Выходзіць, што нашчадкі адной сямʼі валодаюць гэтым прыёмам пакаленьне за пакаленьнем», — сказаў Ясон.

5. Баяцца авечак і аленяў

Фота з архіву Ясона Бадрыдзэ

Ідзецца пра ваўкоў, вырашчаных у няволі. Ясон апавядае, як амэрыканцы выпусьцілі мэксыканскага ваўка ў дзікую прыроду. Навукоўцы хацелі аднавіць папуляцыю драпежнікаў. Але неўзабаве давялося адлоўліваць ваўкоў і ратаваць іх ад голаду. Вырашчаныя ў няволі ваўкі сядзелі сярод аленяў і не ўяўлялі, што іх можна есьці.

«Ёсьць фатаграфіі, як воўк баіцца авечак», — кажа Ясон.

Паводле Ясона, гадуючы ваўка ў няволі, неабходна з самага нараджэньня рабіць так, каб зьвер мог жыць у прыродзе, ня шкодзячы чалавеку.

Ён зрабіў радыёкіравальны аброжак магутнасьцю 300 Вольт. Так навуковец выпрацоўваў у ваўкоў рэакцыю — унікаць дзікае жывёлы і незнаёмых людзей.

Каб праверыць, ці гэта працуе, перад выпускам ваўкоў у лес ён надзеў ім на шыі гравэраваныя аброжкі. На іх было напісана: «За гэтага ваўка я прапаную ўдвая больш грошай, чым дзяржава».

«Цягам наступных 16 гадоў ніводнай рэклямацыі я не атрымаў», — сказаў Ясон.

6. Захоўваюць рэчышчы ад эрозіі

У Амэрыцы празь зьнішчэньне ваўка зьмяніліся рэчышчы. Але прычым тут воўк? Рэч у тым, што алені аб’елі ўсё ўзьбярэжжа рэк. Пачалася эрозія берагоў і зьмяніліся рэчышчы.

«Наступствы зьнішчэньня ваўка вельмі цяжка вызначыць. Але ў нас ня хочуць улічваць таго, што ўжо здаралася», — кажа Ясон.

7. Дапамагаюць аленям працягваць род

Воўк трапіў у пастку паляўнічых. Фота Reuters зроблена каля Чарнобыльскай зоны

У Шатляндыі зараз сур’ёзна думаюць, каб аднавіць папуляцыю ваўкоў. Бо там моцна здэградавалі алені.

«Без драпежнікаў алені дэградуюць, — кажа Ясон. — У іх дэфармаваныя рогі, геамэтрычныя дэфэкты».

Былы студэнт і асьпірант Ясона цягам 13 гадоў дасьледаваў зьмены ў папуляцыі аленяў, калі зьніжаецца колькасьць ваўкоў.

Па-першае, зьнікае падлесак. Але, самае галоўнае, да 80% аленяў становяцца няздольнымі размнажацца. Рэч у тым, што алені зьядаюць пляцэнту пасьля родаў. Такім чынам у арганізм нованароджанага разам з малаком трапляюць гармоны, якія фармуюць рэпрадукцыйную сыстэму. І аленяняты, чые маткі перасталі есьці пляцэнту, у большасьці выпадкаў вырастаюць няздольнымі размнажацца.

8. Без ваўкоў у лесе будзе менш аленяў

Паміж ваўчынымі семʼямі існуюць так званыя буфэрныя зоны. Калі няма канфлікту, адлегласьць паміж семʼямі складае ад 2 да 3 км. Гэта тэрыторыя, свабодная ад ваўкоў. І менавіта там найбольшая шчыльнасьць аленяў. Там яны нараджаюць у бясьпецы, і нованароджаныя аленяняты застаюцца жывымі.

Але ня ўсе капытныя застаюцца ў буфэрнай зоне. Паміж імі моцная канкурэнцыя за тэрыторыю і корм. І таму нізкарангавыя (жывёлы на нізе ерархічнае структуры. — РС) выцясьняюцца на воўчыя тэрыторыі.

«Гэтых аленяў дастаткова, каб ваўкі жылі сабе ліха ня знаючы. Акрамя аленя, яны ж яшчэ драбязу ўсякую ловяць», — кажа Ясон.

Але часам ваўкі заходзяць у нэўтральную зону. Як кажа навуковец, дастаткова чалавеку забіць мацёрага ваўка, як суседняя сямʼя ўмомант пра гэта даведаецца. Яны пачынаюць пашыраць сваю тэрыторыю, выходзяць у нэўтральную зону і зьядаюць там капытных.

«Забіўшы двух ваўкоў, мы губляем велізарную колькасьць капытных з прыплодам», — кажа Ясон.

Сакратары райкамаў зьядалі авечак, а страты сьпісвалі на ваўкоў

Ілюстрацыйнае фота. Паляваньне на ваўкоў князя Гераніма Радзівіла і апошняга прэзыдэнта міжваеннай Польшчы Ігнацыя Масьціцкага. 1930-я гады

Калі ваўкі карысныя для прыроды, чаму іх дагэтуль адстрэльваюць? У Беларусі, напрыклад, воўк лічыцца «непажаданым» відам і на яго адкрытае неабмежаванае паляваньне круглы год.

«Бо людзі зь дзяцінства так выхаваныя. Іх навучылі, што драпежнік — гэта шкода для прыроды. У савецкія часы людзям удзяўблі, што драпежнік зьядае тое, што мы самі маглі бы зьесьці», — кажа Ясон.

У савецкі час, працягвае навуковец, на ваўкоў сьпісвалі страты жывёлагадоўлі. Прынамсі ў Грузіі існавалі нормы, што ад драпежніка можа быць страта да 2% у буйной рагатай жывёлы, і да 5% — у дробнай.

«Пастухі і сакратары райкамаў шчыра выконвалі тыя нормы, — кажа Ясон. — 5% яны проста зьядалі, а сьпісвалі на ваўка. Ён лічыўся „ворагам сацыялістычнай жывёлагадоўлі“».

Ён таксама апавядае, як у адным запаведніку ў Грузіі з 1991 па 1994 год колькасьць аленя зьнізілася з 1500 да 80. Аленяў адстралялі браканьеры, але абвінавацілі ў гэтым ваўкоў.

Чаму ваўкі выходзяць зь лесу да людзей і што з гэтым рабіць?

Фота ваўкоў з фотапастак у Белавескай пушчы. Фота з архіву АПБ

Што рабіць, калі ваўкі выходзяць да людзей? Два тыдні таму ў Лельчыцкім раёне застрэлілі ваўка з GPS-аброжкам, паводле зьвестак зь якога навукоўцы дасьледавалі драпежнікаў. Той воўк выйшаў у вёску, і мясцовыя жыхары паведамілі пра гэта паляўнічым.

«Гэта значыць, што ў лесе нешта адбываецца, — кажа Ясон. — Магчыма, стала меней капытных і ваўкам няма чаго есьці».

Ясон лічыць, што ваўкоў адстрэльваць у такіх выпадках трэба. Але толькі тых, якія харчуюцца свойскай жывёлай. Бо калі яны прывучыліся да гэтага рацыёну, то ўжо ня сыдуць паляваць у лес.

«Гэтых трэба абавязкова вымаць», — кажа навуковец.

Але звычайна паляўнічыя не разьбіраюцца, які дакладна воўк прыходзіць у вёску. Наадварот, стараюцца застрэліць мацёрага, бо ён найпрыгажэйшы як трафэй. Тады ў сям’і застаюцца толькі маладыя ваўкі, якія не ўмеюць самастойна паляваць на капытных. І вялікая імавернасьць, што яны пойдуць да чалавека, каб здабываць лягчэйшую для сябе свойскую жывёлу.

«Забіваючы ваўкоў, якія не выходзяць да людзей і харчуюцца выключна дзікай жывёлай, мы правакуем драпежніцтва ваўка на свойскую», — кажа Ясон.

Воўк з GPS-аброжкам у Белавескай пушчы. Фота з архіву АПБ

Пасьля шматгадовага дасьледаваньня ваўкоў Ясон Бадрыдзэ не выступае за поўную забарону паляваньня. Але ён лічыць, што яно мае быць толькі ў прыватных гаспадарках. І з навуковым падыходам.

«Ужо даўно чалавек намагаецца зьнішчыць драпежнікаў і стаць самым галоўным драпежнікам. Ня маючы ніякага разуменьня ролі драпежніка ў дабрабыце аленяў і казуляў».