Госьць «Інтэрвію тыдня» — заснавальнік аналітычнага парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Ён адказвае на пытаньне, чаму «вызначальная» паездка Лукашэнкі ў Сочы пераўтварылася ў нейкі незразумелы адпачынак, заяўляе, што Расея вельмі істотна памянялася за апошнія 5 гадоў, а ў Менску гэтага не заўважылі, і тлумачыць, чым выкліканыя заявы Лукашэнкі пра тое, што Польшча «бразгае зброяй».
Сьцісла
- Галоўная задача паездкі — вызначыцца і стабілізаваць асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна.
- Крэмль — гэта асноўны легітыматар Аляксандра Лукашэнкі, гэта ягоны асноўны адвакат, донар і шчыт.
- Ніякага выкліку для Беларусі апошнія закупы Польшчай новых ўзбраеньняў не нясуць.
Расея можа гуляць у гэтыя «перамовы» і «кансультацыі» бясконца доўга
— Трохдзённы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, дзе беларускі прэзыдэнт сустракаецца з Уладзімірам Пуціным, пакуль відавочна не апраўдвае таго «лёсавызначальнага» значэньня, якое зь ім зьвязвалі. Кіраўнікі дзяржаваў, здаецца, запэўніваюць толькі, што нічога надта стратэгічнага не абмяркоўваецца. Навошта тады было ехаць у Сочы?
— Сапраўды, даволі дзіўная сытуацыя. Бо, з аднаго боку, сустрэча была анансаваная як перамовы аб найбольш актуальных праблемах, а ў выніку аказалася, што гэта нейкі своеасаблівы адпачынак і азнаямляльны візыт у Расею дзеля перайманьня нейкага досьведу.
Мне падаецца, галоўная задача паездкі была ня столькі ў тым, каб пра нешта канкрэтнае дамовіцца зараз, а ў тым, каб вызначыцца і стабілізаваць асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна. Стварыць базіс і глебу для будучай дамовы па тых пытаньнях, якія сапраўды спрычыняюць галаўны боль у двухбаковых адносінах. То бок гэта хутчэй такі «саміт бяз гальштукаў», які меў на мэце палепшыць альбо высьветліць асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі дзяржаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У горадзе Сочы цёмныя ночы— На чыю карысьць тут грае час? Маецца на ўвазе гэтае бясконцае адкладаньне вырашэньня пытаньняў, якое мы назіраем са сьнежня, калі бакі толькі «ствараюць рабочыя групы». Гэта на руку Маскве ці Менску?
— Гэта, безумоўна, на руку Маскве, бо рашэньні патрэбныя Менску. Расея якраз можа гуляць у гэтыя «перамовы» і «кансультацыі» бясконца доўга, не ідучы насустрач беларускім уладам у фінансавым і эканамічным сэнсе. Для Масквы беларускае пытаньне не першараднае, яны яго могуць і адкласьці.
Расея вельмі істотна памянялася за апошнія 5 гадоў, а ў Менску гэтага не заўважылі
— Можа, галоўная мэта наладжваньня асабістых стасункаў Лукашэнкі і Пуціна — у тым, каб стварыць прадказальную атмасфэру для беларускага кіраўніка ў перадвыбарчы год? Гэта тое, чаго ён найперш дабіваецца ад Пуціна?
— Сапраўды, гэта важнае пытаньне, бо Крэмль — гэта асноўны легітыматар Аляксандра Лукашэнкі, гэта ягоны асноўны адвакат, донар і шчыт. Для Лукашэнкі вельмі важна, па-першае, зразумець, як будзе паводзіць сабе Расея падчас выбарчых кампаніяў — гэта задача-мінімум. А задача-максымум — атрымаць гарантыі падтрымкі: «старыну ня рушыць» То бок Масква прыме той вынік, які намалюе спадарыня Ярмошына, і ня будзе ўмешвацца ва ўнутрыпалітычныя беларускія працэсы.
— Падаецца, што ўжо ня першыя досыць безвыніковыя перамовы тлумачацца тым, што Аляксандар Лукашэнка ніяк ня можа паверыць, што Масква сапраўды зьмяніла сваё стратэгічнае стаўленьне і сапраўды ідзе на зьніжэньне матэрыяльнай падтрымкі Менску, а зь іншага боку — на ўзмацненьне геапалітычных патрабаваньняў. А Лукашэнка верыць, што ўсё можна адкруціць назад і ўсё будзе «як раней». Ці можа быць «як раней»?
— Я згодны з тым, што ў Лукашэнкі няма «пляну Б» і беларускія ўлады працягваюць зыходзіць з таго, што эксклюзіўны статус двухбаковых адносінаў удасца захаваць і што Расея і надалей будзе разглядаць Беларусь як свайго прывілеяванага саюзьніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Мы заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы?»Але я зыходжу з таго, што гэта немагчыма, таму што Расея вельмі істотна памянялася за апошнія 5 гадоў, а ў Менску гэтага не заўважылі ці праігнаравалі гэта. Тая Расея, зь якой мы маем справу цяпер, вельмі адрозная ад той Расеі, якую Лукашэнка бачыў нават у 2010 годзе, калі быў канфлікт і «Хросныя бацькі». Цяпер гэта краіна з зусім іншым modus vivendi на замежнапалітычнай арэне, шмат у чым зьмянілася ўся філязофія дзеяньняў гэтай краіны. А ў Менску гэтых зьменаў дагэтуль не асэнсавалі і ня ўлічваюць.
Заява пра Польшчу — палітычны жэст у бок Пуціна, дэманстрацыя таго, што «мы з табой адной крыві»
— Якраз у гэтыя дні старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясьніковіч знаходзіцца з афіцыйным візытам у Польшчы — далёка не шараговая зьява. І незадоўга да гэтага Лукашэнка заявіў, што «калі Польшча будзе бразгаць зброяй, мы ня будзем на гэта спакойна глядзець». Ці гэта быў сымбалічны жэст перад сустрэчай з Пуціным, ці сапраўды Беларусь занепакоеная тым, што Польшча абнаўляе сваю сыстэму ўзбраеньняў?
— Гэта быў палітычны жэст у бок Пуціна, дэманстрацыя таго, што «мы з табой адной крыві». Маўляў, у нас могуць розьніцца падыходы да таго, як даваць рады праблемам, але праблемы і выклікі ў нас агульныя.
Калі глядзець на заявы беларускага вайсковага кіраўніцтва, то яны даволі стрыманыя, бо польская палітыка ў галіне абароны досыць пасьлядоўная. Закупіць узбраеньне ў ЗША, кантракт пра што падпісалі на гэтым тыдні, было заплянавана яшчэ за некалькі гадоў. Проста зьмяніўся фармат. Раней меркавалася, што гэтая зброя будзе часткова вырабляцца ў Польшчы, але высьветлілася, што ў польскіх прадпрыемстваў няма адпаведных кампэтэнцый. Таму было вырашана закупляць у ЗША ў канчатковай камплектацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясьніковіч сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы. Што пішуць з польскага і беларускага бакоўНіякай сэнсацыі не адбылося, і ў рэальнасьці ніякага выкліку апошнія крокі для Беларусі не нясуць. Што да «форта Трамп», то гэта хутчэй спроба Варшавы палітычна націснуць на Вашынгтон, каб атрымаць выгоды ў іншых галінах. Я ня думаю, што Польшча разьлічвае на радыкальнае нарошчваньне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці на сваёй тэрыторыі.
— Але ці могуць гэтыя дзеяньні Польшчы стаць падставай для большага ціску Расеі на Менск — маўляў, мы цяпер вымушаныя будзем рэагаваць, у тым ліку разьмяшчаць у Беларусі сваю базу?
— Сапраўды, гэта можа быць выкарыстана як нагода для ціску на афіцыйны Менск у тым пляне, каб пашырыць расейскую вайсковую прысутнасьць у Беларусі. Але, зь іншага боку, у Беларусі ёсьць аргумэнт — гэта ракетны комплекс «Палянэз», які мае дасяжнасьць 300 кілямэтраў. Таму заўсёды можна сказаць, што мы ўжо зрабілі неабходныя захады для адказу ня толькі на тыя пагрозы, якія існуюць, але і на патэнцыйныя. Так што — «дзякуй, пакуль абыдземся бяз вашых базаў».