13–14 лютага ў Варшаве прайшла міжнародная канфэрэнцыя «Будучыня міру і бясьпекі на Блізкім Усходзе», арганізаваная Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША пры ўдзеле Польшчы.
Па выніках гэтай канфэрэнцыі Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо даў інтэрвію Радыё Фарда — іранскай службе Радыё Свабода.
— Спадар дзяржсакратар Пампэо, давайце пачнем з таго, што адбылося тут — з намаганьняў адміністрацыі ЗША сфармаваць шырокую міжнародную кааліцыю супраць Ісламскай рэспублікі Іран, як гэта было адлюстравана ў выступе віцэ-прэзыдэнта Пэнса. Наколькі гэта магчыма зрабіць, улічваючы той факт, што дзяржавы Эўразьвязу падтрымліваюць свой плян, калі гаворка ідзе пра Сумесны усёабдымны плян дзеяньняў [пагадненьне паміж Іранам і краінамі 5 + 1], а нядаўна яны стварылі мэханізм, які дазваляе палегчыць гандаль з Іранам?
— Гэтая сустрэча ставіла мэтай стварыць мір і стабільнасьць на Блізкім Усходзе, і 60 зь лішнім краін сустрэліся тут, каб гаварыць пра гэта, каб знайсьці рашэньне самых складаных праблем у Емэне, у Сырыі, у пагрозе бясьпецы, якую стварае канфлікт паміж палестынцамі і Ізраілем. Кожная з гэтых праблем зьяўляецца прычынай, дзеля якой мы тут сабраліся. Але так атрымліваецца, што калі мы гаворым пра «Хезбалу», мы гаворым пра Іран, калі мы гаворым пра хусітаў ў Емэне, даводзіцца казаць пра Іран. Так што Іран — адна з праблем, якія абмяркоўваліся. І я павінен вам сказаць, што кааліцыя моцная. Ні адзін чалавек, ні адна краіна не адмаўлялі, што пагроза, якая зыходзіць з боку Ірану, рэальная, — ці то арабскія краіны, ці то прадстаўнікі краін Азіі, Паўднёвай Амэрыкі і Блізкага Ўсходу. Усе разумеюць пагрозу, якую ўяўляе Ісламская рэспубліка Іран для іх грамадзян. І мы працавалі над гэтым. Ёсьць розныя падыходы, як вырашаць гэтую праблему. Эўрапейцы прытрымліваюцца Сумеснага ўсёабдымнага пляну дзеяньняў, мы прынялі зусім іншае рашэньне. Мы лічым, што любыя грошы, якія прыходзяць у Ісламскую рэспубліку Іран, асядаюць на руках Касэма Сулеймані [кіраўнік Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі — РС] і будуць выкарыстаныя на шкоду. І, што самае галоўнае, будуць выкарыстаныя для таго, каб стварыць рэальныя цяжкасьці для іранскага народу. Мы таксама хочам, каб быў пачуты голас іранцаў. Мы сабралі сёньня [14 лютага] гэтую сустрэчу, мы прадставілі наш падыход, і я ўпэўнены, што пасьля гэтай сустрэчы мы выйшлі больш падрыхтаванымі сумесна вырашаць праблемы пагроз, якія існуюць на прасторы Блізкага Ўсходу.
— Вяртаючыся да Ірану. Як вы будзеце вырашаць тыя праблемы з пагрозамі бясьпекі, пра якія вы кажаце? Гэтая канфэрэнцыя ўяўляецца многім як спроба Вашынгтона закласьці аснову для зьмены рэжыму ў Іране. Што вы скажаце на гэта?
— Я павінен сказаць, што гэта гістарычная сустрэча. Ізраільцяне і арабы сядзяць разам і абмяркоўваюць праблему пагрозы, якая зыходзіць ад Ірану. Гэта не было справакавана Вашынгтонам. Мы, вядома, ясна выклалі нашу заклапочанасьць адносна Ісламскай рэспублікі Іран і мы нямала ўклалі для таго, каб нівэляваць рызыку. Мы будзем працягваць гэта рабіць, таму што мы хочам, каб быў чутны голас іранскага народу. Мы хочам, каб рэжым зьмяніў свае паводзіны, мы хочам, каб яны вялі сябе як нармальная краіна. У траўні я выклаў 12 пунктаў, якія павінна выканаць Ісламская рэспубліка Іран для таго, каб узьяднацца з міжнароднай супольнасьцю. Мы штодзённа праводзім палітыку, якая, мы спадзяемся, дапаможа дасягнуць гэтага, і тады ўвесь Блізкі Усход, нават увесь сьвет стане больш бясьпечным.
— Адносна умоваў або папярэдніх умоваў і зьмены паводзін, пра якія вы і іншыя афіцыйныя асобы адміністрацыі ЗША ня раз казалі. Праблема ў тым, што паводзіны, пра які вы кажаце, зьяўляюцца настолькі неад’емнай часткай іранскага рэжыму, што зьмяненьне яго фактычна азначае зьмену рэжыму. Я маю на ўвазе, што калі Іран адмовіцца ад тых паводзін, якія ён практыкуе на Блізкім Усходзе і ў сьвеце, і ў адносінах да народу Ірану, то ад Ісламскай рэспублікі нічога не застанецца.
— У канчатковым выніку, усё ўпіраецца ў «як». Як зьмяніць гэтыя паводзіны, павінен вырашыць іранскі народ. Яго голас будзе пачуты, ён зацьвердзіць уласную ўладу. Іранцы — разумны народ, гэта таленавіты народ са старажытнай і багатай гісторыяй. Ён абсалютна ў стане кіраваць справамі сваёй краіны. Так што зьмены ў паводзінах, якіх мы спрабуем дамагчыся, накіраваныя на тое, каб стварыць больш бясьпечны клімат на Блізкім Усходзе і палепшыць умовы жыцьця іранскага народу. Мы робім усё магчымае, каб падтрымаць галасы іранцаў ўнутры краіны, каб гэтыя людзі атрымалі тое жыцьцё, пра якое яны мараць, тое жыцьцё, якое не ўяўляе пагрозы і рызыкі для людзей на Блізкім Усходзе і ў сьвеце.