Калегія Менскага гарадзкога суда прысудзіла былому дырэктару РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, акадэміку Аляксандру Бялецкаму 7,5 года зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфікацыяй маёмасьці.
Бялецкага, які да выраку быў пад хатнім арыштам, у судзе ўзялі пад варту. Яго накіравалі ў менскі сьледчы ізалятар №1.
Судовая калегія прызнала Бялецкага вінаватым у атрыманьні хабару паўторна асобай, якая займае адказнае становішча паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Арыштаваная маёмасьць Бялецкага, якую канфіскуюць, калі прысуд уступіць у сілу:
- 354 600 даляраў
- 65 000 эўра
- 73 157 даляраў на рахунку банку «БелВЭБ»
- 21 000 даляраў на рахунку «БПС-Сбербанка»
- 18 000 даляраў на рахунку «Белаграпрамбанка»
- аблігацыі «Беларусьбанка» на суму 15 тысяч даляраў
- 14 000 даляраў на рахунку «Беларусьбанка»
- 269 даляраў на рахунку «БПС-Сбербанка»
- аўтамабіль БМВ
- гараж
- аднакватэрны жылы дом у пасёлку Ратамка
- машына-месца
- кватэра па вуліцы Корж-Сабліна ў Менску
- мабільны тэлефон iPhone A1688
- дзьве памятныя манэты «Чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 «Менск-Арэна» наміналам па 20 рублёў
- памятная манэта «Сьвяціцель Мікалай Цудатворац» наміналам 500 рублёў
- драўляная скрынка з сподкам, падшклянкам, шклянкай і лыжкай.
4 тысячы эўра і 3 тысячы даляраў, якія былі ўнесеныя Бялецкім на разьліковы рахунак КДБ, залічаны ў якасьці даходу, атрыманага злачынным шляхам.
Прысуд абвясьціла судзьдзя Валянціна Зянькевіч.
61-гадовы Аляксандар Бялецкі — прафэсар, заслужаны дзеяч навукі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, акадэмік. У яго два сыны: адзін — індывідуальны прадпрымальнік, другі працуе лекарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «500 тысяч даляраў у гаражы і схованках». У «справе мэдыкаў» судзяць акадэміка БялецкагаЦэнтрам траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандар Бялецкі кіраваў з 2007 году. Бялецкі быў затрыманы 5 ліпеня 2018 году і выйшаў з-за кратаў на пачатку студзеня пад хатні арышт.
КДБ знайшоў у яго 500 тысяч даляраў, але інкрымінавалі ў якасьці хабару толькі 7 тысяч эўра і даляраў.
Улетку 2018 году старшыня КДБ Валер Вакульчык заявіў пасьля затрыманьня Бялецкага:
«Аляксандар Бялецкі затрыманы і ўзяты пад варту за арганізацыю правядзеньня тэхнічнага абслугоўваньня і рамонту мэдычнага абсталяваньня з боку камэрцыйных структураў і своечасовую аплату за аказаныя паслугі. Пры правядзеньні ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў схованках выяўлена каля 500 тысяч даляраў ЗША ў эквіваленце».
У судзе, аднак, хабар памерам 500 тысяч даляраў у эквіваленце не фігураваў.
Падсудны: «Тут я прынясу значна больш карысьці, чым на нарах»
У сваім апошнім слове ён прызнаў віну ў тым, «што браў грошы, прымаючы іх за падарункі і праявіў слабасьць, не вярнуўшы іх». Але пры гэтым ён не даваў ніякіх абяцаньняў, не лабіяваў і не прасоўваў нечыя інтарэсы. Затрыманьне 5 ліпеня было для яго шокам, «калі ён усё ўсьвядоміў, не разумеючы таго, што казаў да гэтага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамог Шакуцін», — падсудны мэдык Бялецкі патлумачыў, адкуль узяліся 500 тысяч даляраў«Ніводзін са сьведак ня даў ніводнага паказаньня, што я нешта рабіў, некага прымушаў, быў у нечым зацікаўлены альбо нешта рабіў для таго, каб менавіта нешта прытармазіць ці нешта паскорыць. Гэта і не магло быць пачута высокім судом. Самая галоўная памылка была, што ўзяў гэтыя грошы, лічачы за падарункі, і не вярнуў іх. Гэта ўжо самаедзтва, якім сам сябе зьнішчаў гэтыя паўгода, праведзеныя там, яно на ўсё жыцьцё і застанецца».
Бялецкі папрасіў суд не пазбаўляць яго сваёй працы: «Бо тут я прынясу значна больш карысьці, чым буду на нарах разам зь іншымі бавіць гэты час».
Пракурор: «Віна Бялецкага знайшла сваё пацьвярджэньне цалкам»
Спрэчкі ў справе прайшлі 14 лютага ў другой палове дня, хоць адвакатка прасіла даць большы час для падрыхтоўкі, бо яе падабаронны абвінавачваецца ў асабліва цяжкім злачынстве.
Дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што, працуючы дырэктарам РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, Бялецкі неаднаразова атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадараньня. У 2016 годзе 1 тысячу эўра, у 2017 годзе 3 тысячы даляраў і 1 тысячу эўра, а ў 2018 годзе 2 тысячы эўра.
«Усе гэтыя сумы ён пакінуў сабе. Потым траціў на розныя мэты, сярод якіх яго ўдзел у правядзеньні розных міжнародных канфэрэнцый. У зробленым раскайваецца».
Дзяржаўны абвінаваўца адзначыў, што віна Бялецкага «знайшла сваё пацьвярджэньне цалкам». Таксама даказаная «паўторнасьць» злачынства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор папрасіў 7 гадоў 6 месяцаў турмы для акадэміка Бялецкага, у якога знайшлі паўмільёна даляраў«Зробленыя яны з карысным матывам, то бок з мэтай выкарыстаньня на сваю карысьць. Той факт, як ён далей імі распараджаўся, на якія мэты траціў, няхай нават і на канфэрэнцыі для іншых асобаў, не выключаюць карысьлівага матыву, а хутчэй нават і пацьвярджаюць яго».
Гаворачы пра меру пакараньня дзяржаўны абвінаваўца адзначыў «выключна станоўчую характарыстыку Бялецкага», які зьяўляецца ляўрэатам прэмій, дзяржаўных узнагарод, прызнаны ў сусьветнай практыцы як заслужаны дзеяч мэдыцыны.
«У яго дзеяньнях ёсьць і зьмякчальныя абставіны: шчырае раскаяньне Бялецкага і добраахвотная сплата ім у сьнежні даходу, атрыманага злачынным шляхам — 4 тысяч эўра і 3 тысяч даляраў».
Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў прызначыць Бялецкаму пакараньне ў 7 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Адвакатка заявіла, што віна Бялецкага не даказаная, і папрасіла вынесьці апраўдальны прысуд.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.