Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч 14 лютага прыбыў у Беласток, дзе сустрэўся з падляскім ваяводам Богданам Пашкоўскім і маршалкам Падляскага ваяводзтва Артурам Касіцкім. Ён таксама пабываў у Мэдычным унівэрсытэце.
У другой палове дня Міхаіл Мясьніковіч наведаў вёску Залешаны, дзе ўсклаў кветкі да помніка этнічным беларусам, забітым удзельнікамі польскага антыкамуністычнага падпольля (гэтак званымі «выклятымі жаўнерамі»).
«Я прыехаў укленчыць перад ахвярамі», — прагучалі словы Міхаіла Мясьніковіча ў рэпартажы тэлеканалу «Белсат».
1 лютага 1946 году аддзел пад камандай Рамуальда Райса (мянушка «Буры») спаліў дзьве этнічна беларускія вёскі на Падляшшы — Залешаны і Выганоўскую Вольку. У Залешанах () ягоныя жаўнеры забілі 15 чалавек, пераважна жанчын і дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палякі часта маўчаць пра свае правіны, але гучна б’юць кулаком у чужыя грудзі». Вялікая гутарка з польскім гісторыкамРадыё Рацыя паведаміла, што вечарам адбываецца сустрэча Міхаіла Мясьніковіча з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Беластоку. Сьпіс запрошаных складае каля 200 чалавек.
Міхаіл Мясьніковіч прыехаў на запрашэньне маршалка Сэнату Польшчы Станіслава Карчэўскага 11 лютага. На гэтым тыдні Мясьніковіч сустрэўся ня толькі з Карчэўскім, але быў прыняты таксама прэм’ер-міністрам Матэушам Маравецкім і прэзыдэнтам Анджэем Дудам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясьніковіч сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы. Што пішуць з польскага і беларускага бакоўМясьніковіч зьбіраўся наведаць Польшчу яшчэ 24 кастрычніка 2018 году. Візыт быў прымеркаваны да польска-беларускага эканамічнага бізнэс-форуму, які ў той дзень стартаваў у Варшаве. Але тады сустрэчу скасавалі ў апошні момант без удакладненьня прычынаў. Ад некаторых палітыкаў у прыватных размовах можна было пачуць, што ён не паехаў таму, што польскія ўлады нібыта былі супраць таго, каб Мясьніковіч ускладаў кветкі да магілаў беларусаў, якія сталі ахвярамі Рамуальда Райса «Бурага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы зноў сярод нелюбімых палякамі народаў. Беларускі паляк і польская беларуска тлумачаць, чаму