Натальля Радзіна, галоўная рэдактарка сайту «Хартыя-97», паведаміла, што Фонд міжнароднай салідарнасьці ў Варшаве скараціў падтрымку яе сайту і што цяпер сайту пагражае закрыцьцё.
Мы зьвязаліся з Фондам і папрасілі патлумачыць сытуацыю. Нам далі пісьмовыя адказы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абмяжоўвае падтрымку сайту «Хартыя-97»— Спадарыня Натальля Радзіна напісала ў Фэйсбуку, што сёньня ёй паведамілі, што Фонд міжнароднай салідарнасьці значна скараціў сваю сёлетнюю падтрымку для беларускага апазыцыйнага сайту «Хартыя-97» (у пяць разоў, калі параўноўваць зь мінулагодняй). Чаму так здарылася?
— На сёньняшняй сустрэчы Фонд міжнароднай салідарнасьці (ФМС) дэкляраваў гатоўнасьць далейшай падтрымкі інтэрнэтнай старонкі «Хартыя-97». Спадарыні Радзінай былі прапанаваныя магчымыя формы супрацоўніцтва ў рамках сродкаў, якім распараджаецца ФСМ. Гэта няпраўда, што велічыня магчымага фінансаваньня меншая ў пяць разоў у параўнаньні зь леташняй датацыяй. Канчатковая велічыня падтрымкі залежыць ад характару праекту, магчымасьцяў ФСМ і гатоўнасьці да супрацоўніцтва з боку Хартыі, у тым ліку да падпарадкаваньня правілам, якімі кіруюцца ўсе партнэры ФСМ.
— Ці рашэньне аб гэтым скарачэньні было прынятае пад ціскам афіцыйнага Менску?
— ФСМ дзейнічае, абапіраючыся на свой статут і ў рамках мэтаў і прыярытэтаў, вызначаных у пагадненьнях з донарамі ды згодна з правіламі, якімі кіруецца Фонд. Рашэньні аб фінансаваньні або ажыцьцяўленьні праектаў не прымаюцца пад ціскам зь якога ні было боку.
— Пра скарачэньне падтрымкі для «Хартыі-97» паведамілі падчас візыту Міхаіла Мясьніковіча ў Польшчу. Так было заплянавана ці гэта чысты зьбег абставін?
— Сёньняшняя сустрэча са спадарыняй Натальляй Радзінай была заплянаваная значна раней, і яе тэрмін ня мае ніякай сувязі з палітычным календаром.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я прыехаў укленчыць перад ахвярамі». Мясьніковіч наведаў Падляшша і ўсклаў кветкі да помніка забітым беларусам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясьніковіч сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы. Што пішуць з польскага і беларускага бакоў* * *
Фонд міжнароднай салідарнасьці (Fundacja Solidarności Międzynarodowej) быў заснаваны ў Варшаве ў 1997 годзе для ажыцьцяўленьня праектаў пераважна ў краінах Усходняга партнэрства. Галоўным спонсарам фонду зьяўляецца Міністэрства замежных спраў Польшчы.