Фонд міжнароднай салідарнасьці ў Варшаве скараціў падтрымку для беларускага апазыцыйнага сайту «Хартия-97» (Charter97.org), які дзейнічае ў Польшчы.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» паведаміла Натальля Радзіна, галоўная рэдактарка сайту.
Яна напісала, што пра абмежаваньне падтрымкі ёй паведамілі прэзыдэнт фонду Мацей Фалькоўскі і дырэктарка фонду Аляксандра Ярашэвіч. Паводле Радзінай, падтрымку скарацілі ў пяць разоў у параўнаньні з 2018 годам.
«Такое рэзкае скарачэньне дапамогі сайту фактычна азначае яго зьнішчэньне. Польшча дапамагала нам пасьля таго, як рэдакцыя сайту была разгромлена ў Беларусі, заснавальнік нашага сайту Алег Бябенін быў забіты, журналісты арыштаваныя, а я трапіла ў турму КДБ. У 2011 годзе рэдакцыю сайту запрасіла працаваць у Варшаву Міністэрства замежных спраў Польшчы, і на працягу гэтых гадоў асноўная дапамога аказвалася праз Фонд міжнароднай салідарнасьці».
Радзіна таксама адзначыла, што пра абмежаваньне падтрымкі паведамілі ёй падчас візыту ў Польшчы кіраўніка Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча. «Мы ведаем, што афіцыйны Менск даўно патрабуе ад польскіх уладаў спыненьня падтрымкі «Хартыі-97», — адзначыла яна.
Мы зьвязаліся з Фондам міжнароднай салідарнасьці ў Варшаве і чакаем камэнтара ад прадстаўнікоў Фонду ў гэтай справе.