Саша малюе сэрца пэндзлем у зубах, каб зрабіць падарунак маме. ВІДЭА

Саша Зянько малюе пэндзлем, трымаючы яго ў зубах. І звычайна маляваць ён ня надта любіць, яму болей падабаюцца кампутарныя гульні. Але вялікае чырвонае сэрца на паперы намаляваў менавіта для нас, каб паказаць, як ён гэта ўмее рабіць.

Такія ж сэрцы намаляваныя і на талерках, якія ягоная сяброўка Эльвіра напярэдадні Дня сьвятога Валянціна развозіць усім ахвотным. Тым, хто хоча фінансава дапамагчы Сашы купіць падарунак для мамы. Яна ня ўтойвае, што з талеркамі дапамагала сябру: «Яму вельмі цяжка працаваць рукамі, але ён вельмі стараецца».

«Перавярніце, гэта сэрца», — вымаўляе хлопец. Кожнае слова даецца зь цяжкасьцю. Ня ўсё зразумела спачатку. Але побач ягоная сьціплая мама дапамагае і перапытвае, ці правільна мы зразумелі. Іна Іванаўна адмаўляецца здымацца на відэа, але дапамагае ў вуснай камунікацыі з Сашам.

Куды лацьвей Сашы даецца размова з дапамогай кампутара. І мы часткова спрабуем выведаць, каб мама не пачула, праз мэсэнджар: «Саша, а што б ты хацеў падарыць маме?».

Ён бярэ ў рот драўляную палку і зь яе дапамогай пачынае набіраць на клявіятуры слова «кветкі».

Сяброўка Эльвіра ўдакладняе, што Саша рэдка нешта просіць для сябе. Калі яна едзе ў госьці, часам пытаецца яго, што прывезьці, але асноўная просьба — пагуляць, выйсьці на вуліцу. Часам просіць нейкую дробязь для мамы. «Але я ня слухаю яго, стараюся нешта прывезьці і яму, каб парадаваць».

Камунікаваць навучыліся з дапамогай інтэрнэту

Саша і Эльвіра пазнаёміліся ў інтэрнэце 2 гады таму.

«Я ўбачыла, як нехта з маіх знаёмых пагуляў з Сашам. І Саша гэты пост выклаў у інтэрнэт. Я пабачыла на яго старонцы, што ёсьць такая неабходнасьць, каб нехта прыяжджаў і выходзіў зь ім на вуліцу. Было лета, і я падумала: чаму б і не?»

Першы раз яна была моцна ўражаная: хлопец, які так складна перапісваўся ў інтэрнэце, амаль не гаварыў. Была зьбянтэжаная: «Як жа мы паразумеемся?». Але паступова камунікаваць навучыліся, у асноўным дзякуючы інтэрнэту. І цяпер размаўляюць на розныя тэмы і часта сустракаюцца, каб разам памаляваць ці пагуляць. Хоць гэта і няпроста — зь вялікім вазком спусьціцца ў падʼезьдзе па тым, што горда называецца пандусам.

«У ідэале тут патрэбен мужчына, каб справіцца, ці два чалавекі: адзін вязе, другі дзьверы прытрымае», — тлумачыць мама.

«Калі Саша выклаў у інтэрнэт фатаздымкі, пачало зьяўляцца болей і болей водгукаў і сяброў. Мае сябры сталі далучацца. Сябры сяброў таксама сталі прыходзіць гуляць зь ім. Ня так каб надта многа, але мы не скардзімся», — расказвае Эльвіра.

А на старонцах у сацсетках нават прыдумалі спэцыяльныя хэштэгі #ПогуляйсСашей і #дцпнепомеха. За некалькі дзён да Дня сьвятога Валянціна Эльвіра і Саша прыдумалі зрабіць яшчэ і талеркі з сэрцамі. Сродкі за іх продаж яны плянуюць патраціць на падарунак маме.

«Мы падумалі, што талерка — як сымбаль дома, дзе Саша праводзіць большую частку часу. Вымушана праводзіць. Ну і кола ён параўнаў з коламі інваліднай каляскі, дзе таксама праводзіць большую частку часу».

«Ягоная мэта — хаця б двойчы на тыдзень выехаць кудысьці»

Эльвіра ня ўтойвае, што дапамагае Сашу з вырабам і перапіскай з замоўнікамі. Але пры гэтым дадае, самае важнае ў ідэі было, каб пра Сашу проста паболей людзей даведалася. Ён актыўны хлопец: бегаў з «Крыламі анёла», атрымаў мэдаль тыдзень таму падчас забегу «За каханьне», бываў у басэйне, на канцэртах, у гандлёвых цэнтрах. Але хоча бываць на вуліцы яшчэ часьцей.

«Ягоная мэта — хаця б два разы на тыдзень мець магчымасьць выехаць кудысьці, а ня толькі ў кампутарныя гульні дома гуляцца. І я яго разумею», — кажа сяброўка.

Мы просім Эльвіру запытацца ў мэсэнджары, пра што марыць Саша:

«Саша, а якая твая мара?» — піша Эльвіра.

Саша ўсьміхаецца і з даволі цяжкай палкай у зубах адказвае ёй і нам з дапамогай кампутара:

«Шмат сяброў і часьцей выяжджаць».