Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці пракамэнтавалі распаўсюджаную ў сеціве інфармацыю пра меркаванае затрыманьне опэрупаўнаважанага Шклоўскага РАУС.
Зьвесткі пра гэта распаўсюдзіў у Telegram блогер NEXTA.
Парталу Tut.by іх пацьвердзіла інфармаваная крыніца.
Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Аксана Лазько паведаміла карэспандэнту Свабоды, што 10 лютага супрацоўнікі міліцыі «падчас апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў па спыненьні дзейнасьці інтэрнэт-крамы па продажы наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў» затрымалі 24-гадовага жыхара Шклоўскага раёну.
«У яго пры асабістым вобшуку знайшлі і сканфіскавалі асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва альфа-PVP масай больш за 29 грамаў. Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу па ч. 3 арт. 328 КК РБ. Мужчына затрыманы, зь ім праводзяцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні».
На пытаньне, ці сапраўды гэта быў опэрупаўнаважаны Шклоўскага РАУС, Аксана Лазько не адказала.
У Шклоўскім РАУС таксама не адказалі на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці сапраўды затрыманы опэрупаўнаважаны, і параілі зьвярнуцца ў прэс-службу Магілёўскай абласной міліцыі. На момант публікацыі атрымаць адтуль камэнтар нам не ўдалося.