Кіраўніцтва вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Рубін» Беларускага таварыства інвалідаў «папрасіла» частку сваіх работнікаў напісаць заявы за свой кошт на студзень і люты. Пад такую просьбу трапіла ня менш за 50 чалавек. На «Рубіне» працуе 120 чалавек, палова зь іх маюць інваліднасьць.
Прадпрыемства «Рубін» займаецца будаўнічымі і рамонтнымі работамі, перамоткай электрарухавікоў, перапрацоўкай плястмасы. Бяз працы на студзень і люты засталіся занятыя на будаўніцтве і перапрацоўцы другаснай плястмасы. На ўчастку будаўніцтва, па словах работнікаў «Рубіна», вымушана не працуюць ня менш за 30 чалавек. На ўчастку плястмасы пайшлі на два месяцы ў адпачынак 20 чалавек, усе яны інваліды.
Кіраўніцтва прадпрыемства зазначыла ў камэнтары Свабодзе, што цяпер працай занятыя толькі на ўчастку перамоткі электрарухавікоў.
«Добра, што трапіў у шпіталь, на казённыя харчы»
«Цяпер няма грошай ні на хлеб, ні на лекі. Заявы пісалі „добраахвотна-прымусова“. Але што можна зрабіць? Дзе інваліду знайсьці іншую працу?», — патлумачылі Свабодзе работнікі «Рубіна».
«Я працую на палову стаўкі. За сьнежань атрымаў каля 140 рублёў. За студзень і люты, адпаведна, нуль. Пэнсія па інваліднасьці, трэцяй групе — 190 рублёў. Жыві як хочаш», — кажа адзін з работнікаў на ўмовах ананімнасьці. Ён працуе на «Рубіне» інжынэрам.
Ягоны калега атрымаў за сьнежань каля 100 рублёў. «Нават гэтыя грошы ледзь выпрасіў — бо мне трэба было класьціся ў шпіталь, а грошай нуль. Беларускія лекі бясплатныя, а мне трэба імпартныя. Іх мушу набываць за свае грошы. Гэта добра, што хоць у шпіталі цяпер ляжу, на казённых харчах. Далей што будзе, ня ведаю», — дадаў работнік прадпрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўмільёна беларусаў жывуць за рысай беднасьці. Хто гэта?«Вінаваціць асабліва няма каго — няма працы»
Дырэктар прадпрыемства «Рубін» Іван Ліньнік не адмаўляе наяўнасьць праблемы. «Мы будаўнічая арганізацыя, выконваем адпаведныя работы. Цяпер прастойваем — пакуль гарадзкі бюджэт разьмяркуюць. Бо мы працуем на бюджэтных аб’ектах. Праца пачнецца з сакавіка, не раней. Таму і просім людзей за свой кошт ісьці. Такая сытуацыя склалася не ад маёй прыхамаці», — патлумачыў Іван Ліньнік.
Ён запэўнівае, што шукае замовы для прадпрыемства, але іх няма. «Я разумею, што людзі не задаволеныя. Разумею, што гэта ня добра, а блага. Вінаваціць асабліва няма каго, бо няма працы», — зазначыў кіраўнік.
Летась прадпрыемства таксама прасіла людзей ісьці ў адпачынак за свой кошт — але на тыдзень-два. «Каб два месяцы не працавалі — такога яшчэ не было», — кажуць работнікі «Рубіна». Пазалетась, паводле дырэктара, работы ўвогуле не спыняліся — былі замовы.
«Уладкавацца больш няма куды»
Работнікі «Рубіна» кажуць, што іншай працы ў горадзе для інвалідаў няма.
«Цяпер і здаровыя ня могуць знайсьці працу, а з інваліднасьцю і пагатоў», — дадалі гамельчукі.
Паводле афіцыйнага сайту таварыства інвалідаў, у Гомельскай вобласьці заснаваны і працуюць пяць прадпрыемстваў.
«Як і ва ўсім сьвеце, крызіс паўплываў на дзейнасьць нашых прадпрыемстваў. Цяпер адбываецца спад вытворчай дзейнасьці, абсталяваньне на прадпрыемствах састарэла, на разьвіцьцё вытворчасьці і адкрыцьцё іншых відаў дзейнасьці патрэбны інвэстыцыі, якія дазволілі б стварыць дадатковыя працоўныя месцы для інвалідаў і ажывіць дзейнасьць Гомельскай арганізацыі таварыства ў цэлым», — зазначаецца на сайце таварыства.
Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.