Законапраект прызначаны для «забесьпячэньня ўстойлівай працы расейскага сэгмэнту інтэрнэту ў выпадку адключэньня ад глябальнай інфраструктуры сусьветнай павуціны».
«За» прагаласавалі 334 дэпутаты, «супраць» — 47.
Раней законапраект быў падтрыманы ўрадам.
Супраць законапраекту выступілі прадстаўнікі ўсіх фракцый, акрамя «Адзінай Расеі».
Аўтары дакумэнту — кіраўнік камітэту Савета Фэдэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве Андрэй Клішас, яго першы намесьнік Людміла Бокава і дэпутат Дзяржаўнай думы Андрэй Лугавы — у тлумачальнай запісцы адзначаюць, што падрыхтавалі закон «з улікам агрэсіўнага характару прынятай у верасьні 2018 году стратэгіі нацыянальнай кібэрбясьпекі ЗША».
У законапраекце прапануецца наступнае:
- стварэньне магчымасьці для мінімізацыі перадачы за мяжу дадзеных, якімі абменьваюцца паміж сабой расійскія карыстальнікі;
- апэратары сувязі абавязаны пры ўзьнікненьні пагрозы забясьпечыць магчымасьць цэнтралізаванага кіраваньня трафікам;
- магчымасьць устаноўкі на сетках сувязі тэхнічных сродкаў, якія вызначаюць крыніцу трафіку, з дапамогай якіх можна будзе абмежаваць доступ да рэсурсаў з забароненай інфармацыяй;
- стварэньне інфраструктуры, якая дазваляе забясьпечыць працаздольнасьць расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў у выпадку немагчымасьці падключэньня расейскіх апэратараў сувязі да замежных каранёвых сэрвэраў;
- правядзеньне рэгулярных вучэньняў органаў улады, апэратараў сувязі і ўладальнікаў тэхналягічных сетак па выяўленьні пагроз і адпрацоўцы мер па аднаўленьні працаздольнасьці расейскага сэгмэнту сеткі.
Экспэрты пры ўрадзе Расеі раней заявілі, што законапраект у выпадку рэалізацыі створыць рызыкі парушэньня працы Рунэту і празьмерна пашырыць паўнамоцтвы Роскомнадзора па прамым кіраваньні галіной сувязі, а для кампэнсацыі праблем апэратарам сувязі можа спатрэбіцца да 134 мільярдаў рублёў у год.