Гомельскі гарвыканкам: ходнікі ня чысьцяць ад сьнегу, бо сам растане

Ілюстрацыйнае фота

Гомельскі гарвыканкам адрэагаваў на скаргі мясцовых жыхароў пра гурбы сьнегу на ходніках, якія ніхто не прыбірае. Улады назвалі дзьве прычыны: па-першае, няма грошай на такія работы; а па-другое, сьнег і сам некалі растане.

Пытаньні пра добраўпарадкаваньне гораду жыхары Гомля задаюць у «тэлефоннай прыёмнай», зьвяртаючыся па нумары 142.

«Калі будзе вывезены сьнег з ходнікаў Гомля?» — запыталіся гараджане.

«У сувязі з абмежаванасьцю фінансавых сродкаў у гарадзкім бюджэце на ўтрыманьне аб’ектаў вонкавага добраўпарадкаваньня, адміністрацыі раёнаў Гомля ў цяперашні час вываз сьнегу з ходнікаў не ажыцьцяўляюць», — адказаў гарвыканкам.

На наступнае паведамленьне з аналягічным пытаньнем гарадзкія ўлады дадалі, што «Раставаньне сьнегу носіць сэзонны характар, сьцяканьне талых водаў адбываецца ўздоўж часткі дарогі з наступным скідам у сетку ліўневай каналізацыі».