Турэцкія ўлады санкцыянавалі арышты больш як тысячы апазыцыянэраў

Стамбул падчас спробы дзяржаўнага перавароту 16 ліпеня 2016

Турэцкія ўлады санкцыянавалі арышт больш за тысячу чалавек, якіх падазраюць у сувязях з рухам ісламскага прапаведніка Фэтхулаха Гюлена. Паводле зьвестак тэлекампаніі CNN Turk, большасьць падазраваных знаходзіцца ў сталіцы Анкары, аднак паліцэйская апэрацыя праводзіцца ва ўсіх 76 правінцыях краіны.

Пасьля няўдалай ў 2016 годзе спробы дзяржаўнага перавароту ў Турэччыне былі арыштаваныя больш за 80 тысяч чалавек, яшчэ 150 тысяч дзяржаўных службоўцаў або вайскоўцаў пазбавіліся працы. Крытыкі прэзыдэнта Рэждэпа Эрдагана абвінавачваюць яго ў выкарыстаньні няўдалага путчу для перасьледу іншадумцаў.

Фэтхулах Гюлен з 1999 году жыве ў ЗША. Да 2013 году ён цесна супрацоўнічаў з Рэджэпам Эрдаганам, ствараючы ісламскі грамадзкі рух, аднак пазьней пасварыўся з кіраўніцтвам краіны. Турэцкія ўлады, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі спробы вайсковага перавароту ў 2016 годзе, неаднаразова патрабавалі ад ЗША экстрадыцыі прапаведніка.