У Віцебску здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак: Мікола Качурэц, аштрафаваны амаль год таму «за несанкцыянаваны пікет» зь бел-чырвона-белым сьцягам, атрымаў копію пастановы аб скасаваньні справы і касавы чэк, каб вярнуць сплачаныя грошы.
Дакумэнты даслаў начальнік Кастрычніцкага РАУС Сяргей Стэльмах. Каб вярнуць грошы за штраф, спадару Качурцу належыць зьвярнуцца ў падатковыя органы, а для вяртаньня дзяржаўнай пошліны — у суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За сьнегавіка з Пагоняй міліцыя патрабуе тлумачальныя запіскіМікалая Качурца затрымалі, калі ён прыйшоў зь бел-чырвона-белым сцягам да помніка князю Альгерду ў Віцебску. Ноч да суду ён мусіў правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 26 сакавіка судзьдзя Кастрычніцкага суду Ўладзімер Царыкаў прызнаў Міколу Качурца вінаватым у парушэньні заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаваньні службовай асобе (арт. 23.4 КаАП), прысудзіўшы штраф памерам 30 базавых велічыняў (735 рублёў).
Абласны суд адмяніў гэтае рашэньне раённага суду, бо выявіліся парушэньні ў афармленьні справы. Яе накіравалі на новы судовы разгляд, але яго так і не было. Справу скасавалі, і спадар Качурэц даведаўся пра гэта толькі цяпер. Гэта першы выпадак, калі за парушэньне заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў кагосьці зь віцебскіх актывістаў не прыцягнулі да адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Радашкавічах бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня дагэтуль застаюцца афіцыйнымі?Мікола Качурэц мае намер ня толькі вярнуць сплачаныя грошы, але і дамагчыся вяртаньня сьцяга, які забралі міліцыянты. У лісьце начальнік раённага аддзелу міліцыі паведаміў, што сьцяг «на захоўваньні ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну адсутнічае», але актывіст патрабуе расьсьледаваньня, куды падзелася ягоная маёмасьць.
Падобны інцыдэнт са сьцягам адбыўся і ў Першамайскім раённым аддзеле міліцыі Віцебску: Вярхоўны суд пастанавіў вярнуць нацыянальны сымбаль, які забралі ў віцябляніна Андруся Кешанюка ў мінулагодні Дзень Волі. Але высьветлілася, што міліцыянты зьнішчылі сьцяг, хаця на гэта не было ніякіх распараджэньняў. Начальнік Першамайскага райаддзелу прынёс пісьмовыя прабачэньні актывісту, але кампэнсаваць кошт зьнішчанай маёмасьці не прапанаваў.