Такую думку выказаў вядомы расейскі палітычны аглядальнік, часты ўдзельнік перадачаў Радыё Свабода, Леанід Радзіхоўскі.
Ён даў вялікае інтэрвію youtube-каналу «Время покажет» пра мінулае, цяперашні час і будучыню рэжыму Ўладзіміра Пуціна. У гэтым інтэрвію Радзіхоўскі, апроч іншага, разважае пра ростані беларуска-расейскіх адносінаў і пра тое, наколькі імавернае далучэньне Беларусі да РФ. Прапануем вашай увазе фрагмэнт інтэрвію.
Расея не паглыне Беларусь: імавернасьць 90%
Цяпер у Расеі дзьве найбольш актуальныя падзеі, пра якія ўвесь час гавораць: адна — гэта Беларусь, другая — гэта Японія. Першае — ці будзе аб’яднаньне з Беларусьсю, ці паглыне Расея Беларусь, ці стане Беларусь рэспублікай у складзе Расейскай Фэдэрацыі. Мой адказ — не, не паглыне. Я кажу гэта менш упэўнена, чым два месяцы таму. У свой час я казаў, што ніякай вайны з Украінай ня будзе, таму што гэтага ня будзе ніколі. Я гэта казаў са стоадсоткавай упэўненасьцю. А пра Беларусь я гэта кажу з упэўненасьцю 90%.
Чаму я так лічу? Ёсьць доўгі сьпіс рацыянальных прычынаў: таму што гэта шалёна дорага, таму што гэта выкліча жахлівую рэакцыю ў Эўропе, таму што гэта абсалютна непапулярна ў расейскім грамадзтве. Непапулярная ідэя ціснуць Беларусь. А добраахвотна і зь песьнямі Беларусь ад сваёй дзяржаўнасьці не адмовіцца.
Значыць, трэба ціснуць. Неабавязкова танкі ўводзіць, але пагражаць, выкручваць рукі. У Расеі гэта вельмі непапулярна. Таму што стаўленьне да Беларусі вельмі добрае, а стаўленьне да «бацькі» — тым больш добрае. Да яго ставяцца нашмат лепш, чым да Пуціна.
Гэта прычыны відавочныя. Але ёсьць яшчэ адна прычына, і мне здаецца галоўная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі амбасадар Бабіч расказаў у інтэрвію RT пра мяккую беларусізацыюУ Пуціна няма драйву
У Пуціна на гэта няма драйву, няма куражу. Гэта адказны крок, вельмі непапулярны, вельмі цяжкі. 5 гадоў таму, у эпоху Крыму, ён тэарэтычна мог гэта зрабіць. Калі б не падвярнуўся Крым, які быў нашмат лягчэйшы ў выкананьні. Тэарэтычна ён мог паспрабаваць нешта падобнае зрабіць з Беларусьсю, можа ў больш мяккай форме. Зараз, мне здаецца, ён на такое значнае дзеяньне няздольны. Расея будзе цягнуць гуму. Тэарэтычна магчымыя тры варыянты.
«Не маляваць тое, чаго няма»
Не маляваць тое, чаго няма. Ёсьць нейкая фантастычная саюзная дзяржава, якая адначасна і ёсьць і якой няма. Расеі і Беларусь уваходзяць у гэтую дзяржаву і разам з тым зьяўляюцца дзьвюма рознымі дзяржавамі. Гэта нешта занадта складанае. Так не бывае, калі два чалавекі — гэта розныя людзі, і разам з тым яны адзін чалавек. Трэба сканчаць гэта, гандляваць з Беларусьсю, як зь любой краінай — звычайнае мыта, звычайныя цэны. А добрае стаўленьне да народу, да краіны такім стасункам зусім не перашкаджае. Так, суседзі, гісторыя, блізкая мова. Навошта маляваць нейкае глупства?
Беларусь як Татарстан
Варыянт нумар два — Беларусь уваходзіць у склад Расеі, як Татарстан, як Башкартастан, робіцца адной з рэспублік у складзе РФ. Для гэтага яна мусіць фармальна ліквідаваць сваю дзяржаўнасьць. У іх, зразумела, застаецца свая мова, у Татарстане таксама ёсьць свая мова. Але ў цэлым гэта проста частка Расеі. Законы агульныя, чыноўнікі прызначаюцца з Масквы. Словам, была краіна і няма.
«Цягнуць ката за хвост»
І варыянт нумар тры — ні адно, ні другое. Працягваем цягнуць ката за хвост. Думаю, што гэта працягнецца. Сказаць праўду, што няма ніякай саюзнай дзяржавы, нельга, а праглынуць Беларусь немагчыма. Няма на гэта ні сілаў у краіны, ні асабістых сілаў у прэзыдэнта краіны. Значыць, будуць вечныя крыўды, скандалы і прэтэнзіі. Цалкам магчыма, што Расея захопіць нейкія кавалкі беларускай эканомікі праз прыватызацыю пэўных беларускіх прадпрыемстваў на карысьць расейскіх кампаніяў — «Роснефти», напрыклад. А за гэта Расея будзе па-ранейшаму прадаваць ім танныя нафту і газ. Але будуць і вечныя ўзаемныя крыўды.
Што Лукашэнка без незалежнасьці, што незалежнасьць без Лукашэнкі?
Пра гэта наўпрост сказаў Лукашэнка, калі адмовіўся гуляць з Пуціным у хакей, адмовіўся, каб Пуцін яму забіваў шайбы. Узяў сваю клюшку, паехаў у Менск, а пад Новы год сказаў, што галоўнае для нас — гэта ўмацоўваць сваю дзяржаўнасьць.
Любы лідэр дбае пра ўмацаваньне дзяржаўнасьці сваёй краіны і свайго трону. Для Лукашэнкі гэта сынонімы. Няма незалежнай Беларусі — няма Лукашэнкі. Але і адваротнае справядліва: Лукашэнка — гарант незалежнасьці Беларусі. Дарэчы, у Расеі шмат гавораць пра сувэрэнітэт, хаця сувэрэнітэту Расеі нічога не пагражае. У Беларусі сытуацыя адваротная. Зразумела, хто пагражае яе сувэрэнітэту і там барацьба за сувэрэнітэт мае цалкам канкрэтнае, хаця і не вайсковае вымярэньне.
«Чорная метка» для іншых суседзяў
Наагул ідэя праглынуць Беларусь — гэта чыстае варʼяцтва. Давайце на сэкунду ўявім сабе, што такія рухі цела робяцца. Як на гэта будуць рэагаваць Казахстан, Армэнія, любая краіна, якая мяжуе з Расеяй? Для іх гэта азначае «чорную метку». Яны кінуцца куды заўгодна — хоць да Кітаю, хоць да Турэччыны, хоць да чорта.
Чаму я кажу, што гэта ня будзе зь імавернасьцю 90%, а не 100%? Так, Пуцін у тупіку, ён выдыхнуўся. Але ён будзе спрабаваць нешта зрабіць. Яго становішча і яго звычкі такія, што трэба нешта рабіць. А рэпэртуар дзеяньняў у яго максымальна абмежаваны. Таму нешта рабіць на беларускім фронце ён будзе спрабаваць і далей. Чаго ён да Беларусі наагул прычапіўся? Таму што гэта ілюзія хоць якіх дзеяньняў.