У Гомлі 10 лютага адбыўся пратэст супраць шуму і смуроду з прадпрыемства «Гомельшпалеры». Фабрыка летась запусьціла новую лінію па вытворчасьці вінілавых шпалераў. Навакольле накрыла дымам і смуродам. Ужо год жыхары Навабеліцкага раёну «ваююць» супраць заводу.
10 лютага актывісты ініцыятыўнай групы выйшлі да прахадной філіялу «Гомельшпалеры», адкрытага акцыянэрнага таварыства «ЦБК-Кансалт», у адгазьніках і рэсьпіратарах. Яны трымалі плякаты з патрабаваньнем спыніць «экспэрымэнты над людзьмі».
«Сёньня нас тут сем чалавек. Гэта наш зварот да ўлады — каб нас урэшце пачулі! Бо калі не пачуюць — сюды могуць выйсьці не сем, а семдзесят сем ці сямсот семдзесят сем чалавек. Нам надакучыў гэты смурод і шум», — патлумачыла адна з удзельніц флэшмобу Валянціна Відзенка.
Яшчэ адзін удзельнік акцыі, Вячаслаў Самусенка зазначыў, што за год былі напісаны дзесяткі калектыўных зваротаў ва ўсе інстанцыі, людзі хадзілі на прыёмы да чыноўнікаў, але плёну мала.
Жыхары Навабеліцы патрабуюць, каб «Гомельшпалеры» усталявалі ачышчальныя збудаваньні — печы дапалу. «Печы дапалу каштуюць дорага. Прадпрыемства эканоміць, атрымлівае прыбыткі, а мы расплачваемся сваім здароўем», — кажа Валянціна Відзенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар не панюхаў у бутэльцы сьцёкі ад «сьмярдзючага» заводуПасьля акцыі да журналістаў падышла Валянціна Сядова — старшыня каапэратыўнага дому № 51в па вуліцы Ільіча. Яна падкрэсьліла, што на шум і смурод з заводу скардзіцца ўвесь 9-павярховы дом.
«Ноччу тут проста пекла — так скуголіць і вые гэтая труба, дзеці спаць не могуць. Паводле заканадаўства, пасьля 23-й гадзіны нават дзьвярмі нельга моцна бразгаць. А тут такое дазволена. За мяжой ужо б зачынілі гэты завод і кіраўніцтва пасадзілі», — сказала старшыня каапэратыву.
Да гэтага часу жыхары Навабеліцы не атрымалі адказу ад кіраўніцтва прадпрыемства — якое менавіта рэчыва забруджвае атмасфэру і дае такі смурод. Дзяржаўная газэта «Гомельская праўда» абяцае, што «Гомельшпалеры» заключаць дамову з лябараторыяй з Санкт-Пецярбургу, перад якой будзе пастаўлена задача «знайсьці хімічнае злучэньне, якое і фармуе гэты пах».