Лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Курапатах, што абаронцам мэмарыялу ўдалося вылічыць мужчыну, які, на яго думку, быў вандалам.
Урбановіч патлумачыў, што ў пятніцу наўмысна апублікаваў у сваім Фэйсбуку непраўдзівую інфармацыю, што ў суботу з Курапатаў будуць вывозіць пашкоджаную «лаву Клінтана».
— Мы вырашылі зрабіць засаду. Недзе а 20.30 зьявіўся нейкі чалавек. Ён уключыў ліхтар і падышоў да лавы. Як толькі я падбег, то ён зьнік. Я пабег за ім. Ён ужо быў у машыне на паркінгу. Але я дасканала бачыў яго твар. Лысы, невысокі. Нумар машыны ў нас ёсьць. Гэта быў белы Volkswagen, з нумарам трэцяга рэгіёну (Гомельская вобласьць — РС), — сказаў Урбановіч.
Ці ўдалося выявіць імя ўладальніка аўтамабіля, лідэр «Маладога фронту» не ўдакладніў.
Падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі распавёў, што разьбітыя кавалкі «лавы Клінтана» ужо вывезьлі на аднаўленьне. Яна будзе адноўленая на старым месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму замінае «лава Клінтана»?Гісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае
«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.
Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.
Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».
1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.