Пра завядзеньне крымінальнай справы Свабодзе паведаміла афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог.
«Па першым факце пашкоджаньня „лавы Клінтана“ Менскім раённым аддзелам Сьледчага камітэту заведзена крымінальная справа па 1 частцы 344 артыкула Крымінальнага кодэксу.
Што да апошняга факту — вядзецца праверка, па выніках будзе прынята працэсуальнае рашэньне».
Першая частка 344 артыкула прадугледжвае пакараньне ад грамадзкіх працаў да трох гадоў зьняволеньня за наўмыснае зьнішчэньне ці пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў або матэрыяльных абʼектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Алесь Чахольскі: «Кавалкі з Курапатаў забяром»
«Заўтра, у суботу, мы забяром з Курапатаў кавалкі лавы Клінтана, якую разбурылі невядомыя вандалы, і схаваем іх да лепшых часоў. Ёсьць прапанова, каб яны сталі асобным экспанатам у будучым музэі Курапатаў», — паведаміў Свабодзе кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты, актывіст КХП-БНФ Алесь Чахольскі.
Паводле Алеся Чахольскага, сьледчыя, якія займаюцца праверкай факту вандалізму ў Курапатах, ня супраць таго, каб актывісты забралі з Курапатаў кавалкі лавы Клінтана.
«Сёньня я быў на допыце ў Сьледчым камітэце, даваў паказаньні як сьведка па крымінальнай справе аб апаганьваньні мэмарыяльнага знаку і адказваў на пытаньні адносна лавы Клінтана. Пра яе сьледчыя сказалі, што неабходныя сьледчыя дзеяньні з кавалкамі ўжо зробленыя, іх можна забраць.
Мяркуем, лепш кавалкі забраць і захаваць. Вырашылі паспрабаваць лаву аднавіць. Пакуль у Курапатах іх пакідаць нельга — расьцягнуць ці зьнішчаць канчаткова».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свастыкай, чырвонай фарбай, кувалдай... Гісторыя вандалізму ў Курапатах у 15 фактахАлесь Чахольскі сказаў, што заявіў сьледчым пра адказнасьць дзяржавы за тое, што адбылося з падарункам амэрыканскага народа народу Беларусі.
«Распавёў сьледчым пра тое, што лаву больш за 20 разоў псавалі, але мы яе аднаўлялі, а ўлада нічога не рабіла, каб знайсьці і пакараць вандалаў. І што гэта праз такое патуральніцтва стала магчымым зноў яе разбурыць.
Першая ў новым шэрагу вандалізму спроба была 19 сьнежня, потым 1 лютага. Здавалася — чаго яшчэ чакаць, трэба было хутчэй дзейнічаць, па-сапраўднаму шукаць злачынцу. Але — не, зноў цягнулі з праверкамі і дацягнулі», — абураецца Алесь Чахольскі.
Паводле Чахольскага, цяпер сьледчыя падыходзяць да разбурэньня «лавы Клінтана» больш сур’ёзна:
«Уражаньне, што справа кантралюецца зьверху, будзем спадзявацца, што гэтым разам нешта нарэшце атрымаецца. Хаця мы ж разумеем: ня ўсё залежыць толькі ад сьледчых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня згодны, што „лава Клінтана“ загінула. Яна набудзе новыя мастацкія рысы», — скульптар Алесь ШатэрнікГісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае
«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.
Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.
Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».
1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.