Журналістыка, якую нараджаюць машыны, сёньня на ўздыме.
Пра гэта паведамляе The New York Times, падаючы прыклады з журналісцкай практыкі такіх агенцтваў і выданьняў, як Bloomberg News, The Associated Press, The Washington Post і The Los Angeles Times.
Аказваецца, прыблізна траціна зьместу, які публікуецца фінансавым агенцтвам Bloomberg News, выкарыстоўвае пэўныя формы аўтаматызаванай тэхналёгіі. Для прыкладу, сыстэма Cyborg, якой карыстаецца агенцтва, дапамагае журналістам штампаваць тысячы артыкулаў у справаздачах аб даходах кампаній кожны квартал.
«Фінансавыя рынкі наперадзе іншых у гэтым [выкарыстаньні аўтаматызаванай журналістыкі — РС]», — сказаў амэрыканскай газэце Джон Міклтуэйт, галоўны рэдактар Bloomberg News.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будзе машына выбіраць за чалавека, каго яму кахаць?Але журналісты-робаты выдаюць ня толькі фінансавыя справаздачы. Нядаўна аўстралійская вэрсія брытанскага выданьня The Guardian апублікавала свой першы артыкул, напісаны пры дапамозе машыны, — пра штогадовыя ахвяраваньні на палітычныя партыі краіны.
Таксама часопіс Forbes нядаўна абвясьціў, што праводзіць тэставаньне праграмы пад назвай Birdie, якая мае даць журналістам чарнавікі і сюжэтныя шаблёны артыкулаў.
Аптымісты кажуць аднак, што аўтаматызацыя працы ў журналістыцы не ўяўляе сапраўднай пагрозы для журналіста-чалавека. Хутчэй за ўсё, ідэя заключаецца ў тым, каб дазволіць журналістам зэканоміць больш часу на іх асноўную працу.
«Праца ў журналістыцы — крэатыўная, яна патрабуе дапытлівасьці, апавяданьня гісторый, яна патрабуе капаньня ўглыб і кантролю за дзейнасьцю ўлады, крытычнага мысьленьня і ацэнкі — і гэта тое, дзе мы хочам, каб нашы журналісты выдаткоўвалі сваю энэргію», — адзначае Ліза Гібс, адна з дырэктараў The Associated Press.