Супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС 7 лютага з доказамі злачынства пры атрыманьні хабару затрымалі генэральнага дырэктара ААТ «Менскі завод шасьцерань» Сяргея Пацкевіча, паведамляе прэс-служба МУС.
Хабар ад прадстаўніка замежнай камэрцыйнай структуры ў памеры 20 тысяч эўра Пацкевіч атрымаў у сваім працоўным кабінэце за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў з разьлікамі па пастаўках тэхналягічнага абсталяваньня.
Сьледчыя высьветлілі, што ў 2018 годзе дырэктар неаднаразова атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў камэрцыйных структур.
Сьледчы камітэт завёў на яго крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры асобай, якая займае адказную пасаду»). Паводле гэтага артыкулу Пацкевічу пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.