У Сырыі 31 студзеня «пры выкананьні баявога заданьня» загінуў расейскі вайсковец-кантрактнік, 25-гадовы жыхар гораду Ціхарэцку Краснадарскага краю Максім Плятнёў.
Афіцыйна Мінабароны Расеі не паведамляла пра сьмерць Максіма Плятнёва, а прэс-служба адміністрацыі Ціхарэцкага раёну пацьвердзіла інфармацыю толькі пасьля таго, як пра загінулага расказалі журналісты.
У раённай адміністрацыі заявілі, што «Плятнёў загінуў 31 студзеня пры выкананьні баявога заданьня ў Сырыйскай Арабскай Рэспубліцы і быў пахаваны на радзіме на Ціхарэцкіх могілках 4 лютага».
Пра сьмерць вайскоўца першым 5 лютага паведаміў інфармацыйны сайт tihoreck.bezformata.com са спасылкай на мясцовага журналіста Алега Рыжэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: целы палеглых у Сырыі расейцаў вярталі з затрымкай, каб утаіць страты перад выбараміУ артыкуле таго ж Алега Рыжэнкі, таксама апублікаваным 5 лютага, ня згадваецца Сырыя як месца гібелі Плятнёва. Аднак у гутарцы з Радыё Свабода Рыжэнка расказаў, што інфармацыю пра сьмерць Плятнёва ў Сырыі яму пацьвердзіў вайсковы камісар Ціхарэцку і Ціхарэцкага раёна Віталь Купін. Купін таксама выказаў зьдзіўленьне тым, што пра гібель Плятнёва да гэтага часу афіцыйна не паведаміла Мінабароны Расеі.
Абставіны гібелі Плятнёва Рыжэнку таксама паведаміў кіраўнік мясцовага Саюзу вэтэранаў баявых дзеяньняў у Аўганістане Андрэй Чальцаў. Калі верыць ягонай вэрсіі, Плятнёў зрабіў подзьвіг: ён стрэліў процітанкавым кіраваным рэактыўным снарадам (СТКРС) па ракетнай устаноўцы саперніка, а той у адказ стрэліў у яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сырыі загінулі шасьцёра расейскіх наймітаў з «ПВК Вагнэра», — СМІПаводле афіцыйных дадзеных Мінабароны РФ, падчас ваеннай апэрацыі ў Сырыі з 30 верасьня 2015 году ў выніку баявых дзеяньняў загінулі крыху больш за 40 расейскіх вайскоўцаў. Яшчэ 50 чалавек залічаныя да небаявых страт, у іх ліку і тыя, хто загінулі ў выніку некалькіх крушэньняў расейскіх вайсковых самалётаў і верталётаў.
У той жа час у гэты лік не ўваходзяць страты сярод расейскіх наймітаў, у тым ліку з «ЧВК Вагнера», пра якія ня раз паведамлялі незалежныя СМІ. Калі сьмерць Максіма Плятнёва ў Сырыі будзе пацьверджаная вайсковым ведамствам, ён стане першым расейскім вайскоўцам у сьпісах ахвяраў сырыйскай вайны 2019 году.