Трэці ўдзельнік замаху на былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку ў брытанскім Солсбэры, якога СМІ называюць Сяргеем Фядотавым, зьвязаны зь іншым атручваньнем рэчывам «Навічок» увесну 2015 году.
Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні выданьня The Insider і групы Bellingcat.
Удакладняецца, што гаворка ідзе пра атручэньне баўгарскага прадпрымальніка Эмільяна Гебрэва.
The Insider і Bellingcat высьветлілі, што Фядотаў наведваў Баўгарыю ў тыя дні, калі там быў атручаны Гебрэў. Экспэртыза выявіла, што пры замаху выкарыстоўвалася рэчыва клясу «Навічок».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Telegraph: у справе атручваньня Скрыпалёў зьявіўся трэці падазраваныЯк даведаліся сьледчыя, Фядотаў атрымаў сваё агентурнае імя ў 2010 годзе. У той жа самы час свае імёны атрымалі падазраваныя Вялікай Брытаніяй у замаху на Скрыпаля Аляксандар Пятроў і Руслан Башыраў. Сьледчыя паведамляюць, што Фядотаў актыўна падарожнічаў па Эўропе і Сярэдняй Азіі.
Раней расейскія СМІ адзначалі, што Фядотаў адначасова зь Пятровым і Башыравым лятаў у Прагу ў 2014 годзе, а таксама ў Вялікую Брытанію тады, калі атруцілі Скрыпаля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лёндане лічаць, што ведаюць усё пра замах на Сяргея СкрыпаляСяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія ў сакавіку 2018 гадоў у Солсбэры былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Яны выжылі пасьля замаху. З тых часоў Сяргей Скрыпаль не зьяўляўся на публіцы, а Юлія толькі запісала відэазварот. Месца іхнага знаходжаньня невядомае.
Брытанскія ўлады абвінавачваюць у замаху Галоўнае ўпраўленьне Генштабу Узброеных сіл РФ (вядомае як ГРУ) і лічаць, што загад быў аддадзены палітычным кіраўніцтвам Расеі.