На Свабоду патэлефанаваў скульптар Алесь Шатэрнік, які зараз гасьцюе ў ЗША. Ён глыбока абураны зьнішчэньнем «лаўкі Клінтана», кажа, што ўжо дванаццаць разоў рэстаўраваў яе.
«Трэба, каб гэтыя кавалкі сабралі, завезьлі да мяне ў майстэрню, каб яны ўсе захаваліся. У мяне ў майстэрні ляжаць першапачатковыя апоры гэтай лаўкі. Падчас аднаго з актаў вандалізму яны згубіліся, былі знойдзеныя праз 1,5-2 гады, калі лаўка ўжо стаяла на бэтоннай тумбе». (Гэта зрабілі, каб цяжэй было разьбіць, іначай простага ўдару кувалдай было дастаткова).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самалёту з «лавай Клінтана» не давалі пасадкі. У Курапатах адзначылі 25 гадоў мэмарыяльнага знаку ад народу ЗШАРаней, калі ламалі «лаўку Клінтана», апекуны Курапатаў прывозілі аскепкі Алесю Шатэрніку. Першы раз адламалася траціна, ён прымацаваў яе на мэталічныя штыры і «зьвязаў» месца злому вянком. Гэта дадало лаўцы яшчэ больш сымбалізму.
«Камень для лаўкі прывезьлі з Амэрыкі. У ЗША лаўка — гэта сымбаль памяці. Калі чалавек памірае, на ўспамін пра яго ставяць лаўку. У Курапатах тое ж самае. Лаўка — мэтафара памяці», — тлумачыць скульптар.
Паводле Алеся Шатэрніка, ёсьць прыклады ў сусьветнай скульптуры, калі звычайныя побытавыя прадметы сымбалізуюць памяць пра палеглых. Напрыклад, «Стол маўклівасьці» Канстантына Баркузі быў прызначаны стаць месцам маўклівых успамінаў пра загінулых.
«Трэба рабіць гранітны подыюм і на ім гэтыя словы прыгожа выбіць, золатам пакрыць. А аскепкам будзе нададзенае новае мастацкае гучаньне. Я ня згодны, што лаўка-помнік прапала, загінула. Яна „сядзіць“ у маёй сьвядомасьці. Яна набудзе новыя мастацкія рысы. Як мастак я бачу сымболіку ў гэтым вандалізьме. Узьнікаюць асацыяцыі з „Гернікай“ Пікаса, „Разбураным горадам“ Восіпа Цадкіна.
Калі прыяжджаў Клінтан, я праз амбасаду перадаў яму скульптурку Ефрасіньні Полацкай, апякункі зямлі нашай. Я бачу вобраз сьвятой Ефрасіньні ў будучым помніку таксама».