Бактэрыі, якія жывуць у кішэчніку, могуць уплываць на псыхічны стан чалавека і могуць быць зьвязаны з дэпрэсіяй. З такой сэнсацыйнай заявай 4 лютага 2019 году выступілі аўтары найбуйнейшага ў гісторыі дасьледаваньня такога кшталту.
Пра гэта інфармуе сайт францускага радыё France24.
Флямандзкі экспэрымэнт
Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, каля 300 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце пакутуюць ад дэпрэсіі, і сёньня навукоўцы разумеюць, што існуе сувязь паміж фізычным і псыхічным здароўем пацыентаў.
Навукоўцы з Бэльгіі лічаць, што многія кішэчныя бактэрыі могуць вырабляць хімічныя рэчывы, якія значна ўплываюць на мозг. А некалькі кішэчных мікраарганізмаў — станоўча ці адмоўна — уплываюць і на псыхічнае здароўе чалавека.
Падчас экспэрымэнту пад назвай Flemish Gut Flora Project вывучалася сувязь паміж дэпрэсіяй і ўзорамі фэкалій больш чым 1000 чалавек. Было выяўлена, што два тыпы бактэрый пастаянна сустракаюцца ў тых, хто пакутуе ад дэпрэсіі. Прычым вынікі аналізу не мяняюцца нават тады, калі пацыенты прымаюць антыдэпрэсанты.
Тлумачэньне вынікаў
Пакуль што навуковае разуменьне, якім чынам кішэчнік і мозг зьвязаны паміж сабой, знаходзіцца на раньніх стадыях, і дасьледчыкі прызналі, што іх высновы, апублікаваныя ў часопісе Nature Microbiology, можна лічыць спрэчнымі.
«Уяўленьне аб тым, што мікробныя мэтабаліты могуць ўзаемадзейнічаць з нашым мозгам, у тым ліку ўплываць на паводзіны і пачуцьці — інтрыгуе», — сказаў Ёрун Рас, вядучы навуковы супрацоўнік аддзелу мікрабіялёгіі ды імуналёгіі ў Каталіцкім унівэрсытэце Лёвэну.
«Да гэтага часу большасьць высноваў рабілася пасьля экспэрымэнтаў на мышах або дробнамаштабных дасьледаваньняў на людзях, вынікі якіх нярэдка былі спрэчныя», — сказаў Рас у інтэрвію AFP.
Каманда, якая працавала над бэльгійскім экспэрымэнтам, паўтарыла дасьледаваньне на 1063 удзельніках зь Нідэрляндаў і на трэцяй групе пацыентаў з клінічна даказанай дэпрэсіяй у Бэльгіі. Атрыманыя вынікі ўсюды былі аналягічныя.
Рас падкрэсьліў, што хоць экспэрымэнт паказаў выразную сувязь паміж ўзроўнямі некаторых бактэрый у кішэчніку і псыхічным станам індывіда, гэта не азначае, што адна рэч непасрэдна спараджае іншую.
У кішэчніку жывуць дзьве мікробныя груп — coprococcus і dialister — вядомыя сваімі процізапаленчымі ўласьцівасьцямі.
«Мы таксама ведаем, што нэйра-запаленьне адыгрывае важную ролю ў дэпрэсіі. Такім чынам, наша гіпотэза палягае на тым, што нейкім чынам гэтыя дзьве рэчы зьвязаныя паміж сабой», — сказаў Рас.
Бактэрыі як лекі
Дэпрэсія — вылечны, але зьнясільваючы стан, які ўплывае на паводзіны і самаадчуваньне чалавека. Яе часам называюць «ціхай эпідэміяй». Яна зьяўляецца адной з асноўных прычын 800 000 штогадовых суіцыдаў у сьвеце.
У цяперашні час антыдэпрэсанты зьяўляюцца найбольш распаўсюджаным сродкам лячэньня дэпрэсіі. Аднак доктар Рас кажа, што яго каманда можа пракласьці шлях да новых, больш разумных мэтадаў лячэньня хваробы з дапамогай кішэчных бактэрый.
Ёсьць і адмоўныя віды бактэрый
Падчас дасьледаваньня былі прааналізаваныя геномы больш за 500 відаў бактэрый кішэчніка і вывучана іх здольнасьць вырабляць набор нейраактыўных злучэньняў — хімічных рэчываў, якія даказана ўплываюць на функцыі мозгу.
У выніку было знойдзена некалькі тыпаў бактэрый, якія вырабляюць рэчывы, зьвязаныя з рознымі псыхічнымі працэсамі.
Паводле доктара Раса, некаторыя са знойдзеных бактэрый могуць выклікаць і псыхічныя праблемы.
Таксама некаторыя бактэрыі ў кішэчніку могуць быць адказныя за ўзьнікненьне атлусьценьня, дыябэту, раку тоўстай кішкі і іншых хваробаў.