У Расеі палічылі, колькі будзе каштаваць ізаляцыя расейскага інтэрнэту

Ілюстрацыйнае фота

На праект ізаляцыі расейскага сэгмэнту інтэрнэту ад глябальнай сеткі спатрэбіцца 1,8 мільярда рублёў (27,5 млн даляраў). Гэтыя сродкі ўжо закладзеныя ў фэдэральны бюджэт на 2019-2021 гады, паведамляе «​Інтэрфакс»​ са спасылкай на тэкст дакумэнта і дадзеныя крыніцы.

У 2019 годзе прыкладна 600 мільёнаў пойдуць на стварэньне сыстэмы маніторынгу і кіраваньня «сеткай сувязі агульнага карыстаньня». Прыкладна такую ж суму плянуецца выдаткаваць у 2020 і 2021 годзе на «наступную рэалізацыю праекта», заявіў суразмоўца агенцтва.

Расейскі ўрад 4 лютага падтрымаў законапраект аб стварэньні аўтаномнага інтэрнэту ў Расеі, прапанаваўшы дапрацаваць яго пасьля прыняцьця першым чытаньні. Ва ўрадзе заявілі аб неабходнасьці ўказаць крыніцы дадатковага фінансаваньня апэратараў сувязі для ўстаноўкі абсталяваньня, неабходнага для адключэньня расейскага сэгмэнта ад сусьветнага інтэрнэту.

  • Законапраект ўнесьлі ў Дзярждуму ў сьнежні 2018 года, сярод яго аўтараў — кіраўнік камітэта Савета Фэдэрацыі Андрэй Клішас і дэпутат Дзярждумы Андрэй Лугавы. Аўтары сьцьвярджаюць, што прыняцьце законапраекта неабходна, у прыватнасьці, у сувязі з пагрозамі агрэсіўных дзеяньняў у кібэрпрасторы, нібыта, з боку ЗША. Адключэньне ад глябальнай сеткі для абароны ад пагроз, на думку аўтараў законапраекта, павінна забясьпечыць «ўстойлівасьць» расейскага сэгмэнта інтэрнэту.
  • Законапраект ужо выклікаў рэзкую крытыку ў шэрагу СМІ і сацыяльных сетках. Праціўнікі законапраекта таксама лічаць, што ён прывядзе да падаражаньня доступу ў інтэрнэт.