Ад «Лепшых прамоваў Рамзана Кадырава» да дасьледаваньня «Тапінамбур у Беларусі». Свабода паглядзела, якія навінкі прадставілі выдавецтвы на 26-й міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Менску.
«Мы рады, што цэнтральным экспанэнтам стала Расея», — такімі словамі XXVI кніжную выставу ў Менску адкрыў міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч.
Агулам на выставе 400 стэндаў з 35 краінаў. Ідзем глядзець, што выставілі сёлета.
Два цэнтральныя стэнды займаюць буйныя расейскія выдавецтвы «Москва книжная» і «Книги России». На апошнім стэндзе — адразу тры кнігі пра кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Адна — ягонага аўтарства пра сябе самога, другая — выбраныя выказваньні, і трэцяя — пра яго прэзыдэнцтва.
Пакуль гартаем кнігі, падыходзіць прадстаўнік выдавецтва ў характэрным для рэгіёну Чачні і Інгушэціі галаўным уборы і раіць іншую кнігу — пра паўднёвыя рэгіёны Расеі. Пасьля паказвае на апошняй старонцы фатаграфію дзяўчат: «Вось гэта мая дачка. Ёй цяпер 18 гадоў». На гэтым жа стэндзе ў межах выставы пройдзе аўтограф-сэсія Сьвятланы Алексіевіч.
На стэндзе «Белкнігі» — перакладзеная на беларускую мову кніга «Ў вайны не жаночае аблічча» Сьвятланы Алексіевіч, поруч — кніга Мікіты Міхалкова, а далей — каляндар ад грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» «Не маўчы па-беларуску».
Стэнды ад амбасадаў Паўночнай і Паўднёвай Карэі на выставе разьмясьцілі адну насупраць адной. На стэндзе КНДР — біяграфіі Кім Ір Сэна, ідэі чучхэ. На прылаўку Рэспублікі Карэя — мастацкая літаратура і буклеты.
Адрэстаўраваная «Малая падарожная кніжка» Францыска Скарыны — адзін з цэнтральных аб’ектаў выставы. Яе выкупіў у калекцыянера «Белгазпрамбанк».
На стэндзе выдавецтва «Беларуская навука» заўважаем сярод іншых дасьледаваньняў кнігу «Тапінамбур у Беларусі».
Гэтым разам на выставе не заўважна кніг з адкрыта прарасейскім поглядам на сёньняшнія падзеі ва Ўкраіне, як раней. Але на паліцах расейскіх выдавецтваў багата кніг пра Леніна, Сталіна і падзеі Другой усясьветнай вайны.
«Янушкевіч», «Галіяфы», «Тэхналёгія» — тры незалежныя выдавецтвы, якія друкуюць творы сучасных беларускіх літаратараў, займаюць на выставе сьціплыя павільёны. У «Галіяфаў» — чатыры «квадраты», арэнда кожнага абыходзіцца ў 100 эўра, дадаткова трэба аплачваць і арэнду тэхнікі.
На стэндах гэтых выдавецтваў можна пабачыць кнігі Альгерда Бахарэвіча, Юліі Шаровай, Ірыны Данеўскай. Тут жа кнігі па гісторыі Беларусі.
У самым кутку выставы, каля маленькага павільёна прадаюць сувэнірную прадукцыю — магніты з Пуціным і Лукашэнкам. На магнітах фота, як яны ціснуць адзін аднаму руку, і подпіс: «Брат за брата».
XXVI міжнародная кніжная выстава ў Менску будзе працаваць да 10 лютага. Арганізатары чакаюць, што яе наведаюць 60 тысяч чалавек.