Расейскія ведзьмы правялі шабаш для падтрымкі Пуціна. ВІДЭА

Акультная арганізацыя «Імпэрыя наймацнейшых ведзьмаў» правяла адмысловы абрад «Пазаўрочны магічны круг» у падтрымку Расеі і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, паведамляе «Настоящее время».

У «Імпэрыі ведзьмаў» вырашылі, што расейскі прэзыдэнт, нават атрымаўшы на апошніх выбарах 77% галасоў, усё роўна вельмі мае патрэбу ў магічнай падтрымцы.

У асабняк у цэнтры Масквы 5 лютага «зьляцеліся» на мэтро і таксоўках некалькі дзясяткаў жанчын, якія называюць сябе вядзьмаркамі і практыкуюць тое, што яны лічаць магіяй.

«Хто чуе і ня чуе, хто бачыць і ня бачыць, хто быў, ёсьць і будзе, слова маё не забудзе — уздыміся веліччу сіла Расеі, накіруй шляхі Ўладзіміра Пуціна дакладна і справядліва — праз слова маё».

Гэта адна з замоваў, што прамаўлялі ведзьмы падчас абраду. Ніводнага партрэта расейскага прэзыдэнта і ніякіх іншых акультных дзеяньняў і рытуалаў — толькі чорныя плашчы і кнігі ў руках.

«Няхай будзе сіла Расеі мацнець, няхай будзе Уладзімір Пуцін слушныя шляхі бачыць»...

Алена Палынь, спадчынная вядзьмарка, як яна сябе называе, і заснавальніца «Імпэрыі наймацнейшых ведзьмаў», тлумачыць, што абрад праводзіцца на карысьць Расеі, а прэзыдэнт — гэта ж галоўны твар краіны. «Улада — гэта нейкі такі сарбэнт: чаго вартыя людзі і гэтая краіна, і пра кагосьці нэгатыўна казаць, пра якога-небудзь прэзыдэнта, ведзьмы не павінны».

Алена Палынь

Іншыя вядзьмаркі таксама вельмі ляяльныя да расейскага прэзыдэнта.

«У краіне становішча цяжкае, і мы хочам падтрымаць прэзыдэнта тымі сіламі, якімі мы валодаем», — кажа ведзьма Ірына. На пытаньні, чаму цяжкае становішча і з кім змагаецца Пуцін, яна адказвае: «З усімі, хто на яго нападае. І мы хочам, каб зласьліўцы змоўклі».

Для зласьліўцаў і ворагаў расейскага прэзыдэнта вядзьмаркі прадугледзелі праклёны:

«Хто са злом да нас прыходзіць, хто са злом ад нас адыходзіць, хто шкодзіць і зло кажа, на векі вечныя і бясконцыя — праклятыя ворагі, ворагі праклятыя!»

Але хто такія ворагі, удзельніцы магічнага абраду сказаць так і не змаглі.

Як расказвае Алена Палынь, «круг сілы» разьлічвалі спэцыяльна — дату, час, месца. «Усё дасканала было падлічана, каб энэргія прайшла правільна. І ён накіраваны быў на паляпшэньне якасьці жыцьця на зямлі праз Расею. Але мы ня можам абыходзіць бокам прэзыдэнта, які ў краіне, і, натуральна, дапамогу яму».

Сам абрад уяўляў зь сябе сумеснае чытаньне кнігі галоўнай маскоўскай чараўніцы і доўжыўся хвілін дваццаць. Але ведзьмы ўпэўненыя, што такі шабаш абавязкова павінен дабавіць Пуціну сіл.