Прыватны музэй Васіля Быкава ў Горадні закрыўся, экспазыцыя пераехала. Улады не знайшлі на яго каля 80 рублёў на месяц. У новым месцы экспазыцыю плянуюць адчыніць да канца вясны.
Васіль Быкаў пражыў у Горадні 30 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскія адрасы Васіля Быкава. Што кажуць іхнія жыхары«Ніхто не выдзяляў грошы зь бюджэту»
Музэй імя Васіля Быкава, які праіснаваў у Горадні каля 20 гадоў, мусіў закрыцца. Рашэньне прыняла на пачатку 2019 году Рада музэю, у якую ўваходзіць каля 10 чалавек. У ейнай пастанове значылася, што ўзначальваць і ўтрымліваць музэй няма каму, сказаў Свабодзе сябра рады музэю і краязнаўца Алесь Госьцеў.
Па словах бухгальтаркі музэю Яўгеніі Багданавай, у месяц трэба было плаціць «80 рублёў, або 80 зь нечым» за арэнду пакоя і камунальныя паслугі. Зь бюджэту на музэй не выдзялялася ніякіх сродкаў. Спонсарскай дапамогі пастаянна прасілі ў гарадзкіх і раённых прадпрыемстваў, калгасаў.
«Ніхто не выдзяляў грошай зь бюджэту. Гэта грамадзкая арганізацыя», — тлумачыць бухгальтарка музэю.
Такая цяжкая фінансавая сытуацыя пачалася каля 10 гадоў таму.
У 2015 годзе старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў даручыў знайсьці для экспазыцыі новае памяшканьне і нават хацеў зрабіць музэй дзяржаўным, але той не пераехаў і статусу не зьмяніў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За новыя дзьверы ў будынку Менгарвыканкаму горадзенскі музэй Быкава мог бы існаваць 17 гадоўМузэй месьціўся ў малым пакоі ў канцы калідора
Музэй Быкава месьціўся ў офісным будынку на пешаходнай горадзенскай вуліцы — Савецкай. Аднак пра яго існаваньне мала хто ведаў, займацца папулярызацыяй не было каму. Пакойчык у 15 квадратных мэтраў быў у самым канцы цёмнага калідора.
Апошнія гады дзьверы ўвесь час былі зачыненыя, нягледзячы на графік на дзьвярах з пазначанымі гадзінамі працы.
«Ён рэгулярна не працаваў, бо няма каму было працаваць», — кажа Алесь Госьцеў.
Па словах Яўгеніі Багданавай, наведнікі амаль не прыходзілі. Раней ахвотныя паглядзець экспазыцыю тэлефанавалі старшыні і дамаўляліся зь ім прыватна на час наведваньня. Найбольш цікавіліся на дзень народзінаў пісьменьніка або перад 9 мая.
Уваход быў бясплатны.
Музэй быў зарэгістраваны афіцыйна як грамадзкая арганізацыя. Яго стварыў сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і ўдзельнік Другой усясьветнай вайны Мікалай Мельнікаў разам з Таварыствам вэтэранаў вайны, працы і Ўзброеных Сілаў. Пры ім у музэі ладзіліся сталыя дзяжурствы — некалькі гадзін на тыдзень па графіку. Пасьля ягонай сьмерці ў 2012 годзе сытуацыя пагоршылася.
Апошнія гады за старшыню музэю быў Аляксей Дземідовіч. Цяпер ён хварэе, апекавацца музэем ня можа.
Сярод экспанатаў — друкарская машынка і кававарка Быкава
У экспазыцыю музэю ўваходзілі рэчы пісьменьніка Васіля Быкава: друкарская машынка, кававарка, кашуля, асадкі, рукапісы.
«Ня кожны музэй можа такім пахваліцца. Астатнія матэрыялы таксама былі ня лішнія. Была добра падабраная бібліятэка», — кажа Алесь Госьцеў.
Рэчы далучаць да экспазыцыі іншага музэю
Экспанаты напрыканцы студзеня перадалі ў былы музэй Максіма Багдановіча на вуліцы 1 мая — цяперашні літаратурны аддзел Горадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю.
«У нас ёсьць асобная экспазыцыя „Горадзеншчына літаратурная“. Частка яе прысьвечаная Васілю Быкаву: рукапісы, кнігі, дакумэнты, прадметы адзеньня. Яна проста дапоўніцца прадметамі», — сказала загадчыца літаратурнага аддзелу Алена Рапінчук.
Цяпер новыя паступленьні ўлічваюць і апрацоўваюць. Па словах загадчыцы аддзелу, гэтая праца зойме некалькі месяцаў. Абноўленую экспазыцыю, імаверна, можна будзе ўбачыць напрыканцы вясны. Фота некаторых экспанатаў плянуюць выкласьці на сайце гісторыка-археалягічнага музэю.
Уваход у літаратурны аддзел музэю каштуе 1,05, 1,25 і 1,55 рубля — адпаведна для школьнікаў, студэнтаў і дарослых.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.