На Менскай міжнароднай кніжнай выставе ня будзе скульптуры танка з кніг. Пра гэта Свабодзе расказалі ў Міністэрстве інфармацыі.
Паводле Алены Паўлавай, начальніцы ўпраўленьня выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьці, ад ідэі з танкам адмовіўся арганізацыйны камітэт выставы.
«Абмяркоўвалася шмат розных прапановаў, але гэтая не была падтрыманая аргкамітэтам. Вырашылі ўстрымацца», — сказала Свабодзе Паўлава.
Прадстаўніца Міністэрства інфармацыі сказала, што замест танка для выставы падрыхтавалі іншы арт-аб’ект. Гэта будуць вялікія літары «Беларусь», у якіх будуць стаяць кнігі.
«Мы вырашылі, што гэта бліжэй да выставы, да кніг», — сказала Паўлава.
Раней была інфармацыя, што на Менскай кніжнай выставе зьявіцца скульптура танка. Яе зьбіраліся прымеркаваць да 75-годзьдзя вызваленьня Беларусі.
«Мы хочам сабраць мірны танк з кніг. 75 гадоў мы спакойна жывём, творым і ствараем кнігі. Кожны ахвотны можа ўзяць удзел у зборы гэтага танка», — прыводзіла БелТА словы Ігара Бузоўскага, намесьніка міністра інфармацыі.