Пад яго кіраўніцтвам інстытут даў заключэньне, якое дапамагло бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» стаць дзяржаўнымі сымбалямі.
Гісторык Міхаіл Касьцюк нарадзіўся 26 сакавіка 1940 у вёсцы Масьцішча на Наваградчыне. Скончыў Горадзенскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, а ў 1988–1999 гг. быў ягоным дырэктарам.
Паводле калегі Міхаіла Касьцюка доктара гістарычных навук Валянціна Голубева, ён адыграў важную ролю ў прызнаньні бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» дзяржаўнымі сымбалямі.
«Ён быў дырэктарам Інстытуту гісторыі ў складаны пэрыяд, гэта быў першы і адзіны дырэктар, якога не прызначалі, а выбіралі калектывам інстытуту. Тады ў конкурсе на пасаду бралі ўдзел некалькі чалавек. Ён узначаліў інстытут, калі вырашалася пытаньне нацыянальнай сымболікі ў Вярхоўным Савеце. І інстытут даваў такія заключэньні, якія дапамаглі дэпутатам прыняць рашэньне, каб гэтыя сымбалі сталі дзяржаўнымі».
Таксама пры яго кіраўніцтве інстытутам выйшаў двухтомнік «Нарысы гісторыі Беларусі», якія разглядаў гісторыю і гістарыяграфію Беларусі з нацыянальнага пункту гледжаньня. Па гэтых падручніках вучыліся не адзін год студэнты гістарычных факультэтаў.
Міхаіл Касьцюк — аўтар звыш 250 навуковых прац, 10 манаграфій. У 2010 годзе ён быў узнагароджаны ордэнам імя Францішка Скарыны. Пасьля сыходу Міхаіла Касьцюка ў Беларусі не засталося гісторыкаў-акадэмікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалавек, які дапамог «Пагоні» зрабіцца дзяржаўным сымбалем