Лідэры апазыцыі Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Рыгор Кастусёў ды іншыя зьбіраюцца змагаюцца за дэпутацкія мандаты.
Даты прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі яшчэ не абвешчаныя, але прадстаўнікі апазыцыі заявілі пра пачатак назіраньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына назвала магчымыя даты прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараўАктывісты 8 арганізацый заявілі пра старт кампаніі «Права выбару — 2019». Сярод іх Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, рух «За свабоду», «Зялёныя», прафсаюз РЭП, Партыя свабоды і прагрэсу.
На пытаньне, чаму кампанія стартуе з часавым запасам, яе ўдзельнікі заявілі, што ў беларускіх умовах лепш перастрахавацца, чым потым усё «праспаць». Незалежна ад чарговасьці, назіральнікі ад кампаніі будуць накіраваныя як на парлямэнцкія, так і на прэзыдэнцкія выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітыкі і палітолягі назвалі 10 адметнасьцяў будучай прэзыдэнцкай кампаніі ў БеларусіАдзін зь лідэраў АГП Леў Марголін нагадаў, што задача кампаніі застаецца ранейшай — дамагацца прагрэсу ў дэмакратызацыі. Асноўны складнік у гэтым — свабодныя выбары. У актывістаў ёсьць узгодненая пазыцыя, што трэба зьмяніць у выбарчым заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы.
Тры асноўныя патрабаваньні ўдзельнікаў кампаніі
- фармаваньне выбарчых камісій, калі кожны кандыдат будзе мець права мець свайго прадстаўніка ў камісіі.
- перагляд мэханізму датэрміновага і выязнога галасаваньня, бо гэта асноўная магчымасьць для фальсыфікацыі галасоў
- празрысты падлік галасоў.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ініцыятыва «Права выбару» закліканая, каб паказаць сьвету, што ў Беларусі ёсьць выбарчая кампанія, але няма выбараў:
«Калі гаворка пра выбары ў Палату прадстаўнікоў, то гэта прызначэньне дэпутатаў пасьля ўзгадненьня ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Прэзыдэнцкія ж наогул безальтэрнатыўныя, калі зыходзіць з практыкі падліку галасоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускай апазыцыі лепш ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, — палітолягСтаршыня БСДП Ігар Барысаў кажа, што адметнасьць кампаніі «Права выбару» — ня толькі ў назіраньні, але і ў абавязковай фіксацыі парушэньняў.
«Ня праўда, што кожныя выбары адбываюцца паводле аднаго сцэнару, — кажа Барысаў.— Кожны раз зьяўляюцца новыя адметнасьці. Паколькі падае яўка, улады вымушаныя прыдумляць ці запазычваць новыя формы — як леташнія «карусельшчыкі».
18 акругаў хочуць узяць пад асаблівы кантроль
Паводле ініцыятараў кампаніі, вызначана18 выбарчых акругаў, якія будуць пад пільным кантролем удзельнікаў «Права выбару» — мінулы раз такіх было 11. Тут будуць адбывацца інфармацыйныя кампаніі кандыдатаў і абнародавацца зьвесткі аб парушэньнях. Гэтыя справаздачы будуць пададзеныя і назіральнікам АБСЭ.
Адна зь лідэраў Партыі БХД Вольга Кавалькова лічыць, што ў дэмакратычным асяродку дастаткова кандыдатаў, якія могуць скласьці канкурэнцыю праўладным вылучэнцам. Таму задача назіраньня і ў тым, каб ня даць зьняць актывістаў з дыстанцыі пад рознымі прыдуманымі ўмовам, кажа Кавалькова:
«Калі дэпутат прызначаны цыркулярам, ён ніколі ня будзе змагацца за інтарэсы выбарнікаў. А значыць, прыярытэтная задача — даць людзям годнага чалавека, які рэальна возьмецца за вырашэньне набалелых праблемаў».
Прыблізная колькасьць назіральнікаў ад «Права выбару» — 1500 чалавек, пры гэтым траціну будуць складаць жанчыны.
Ініцыятары кампаніі заявілі, што прадстаўнікі апазыцыі Віктар Янчурэвіч, Вольга Кавалькова, Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Юрась Губарэвіч ды іншыя кіраўнікі і партыйныя актывісты будуць балятавацца ў дэпутаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правацэнтрысты арганізуюць праймэрыз перад выбарамі прэзыдэнта. Падобна, што да іх ніхто не далучыцца