Натальля Стрэльчанка, сябра партыі АГП зь Віцебскай вобласьці, не задаволеная вынікамі праверкі Сьледчага камітэту ў дачыненьні міліцыянтаў, якія перашкодзілі ёй трапіць у Менск на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР.
Скаргу на дзеяньні Дубровенскага аддзяленьня Сьледчага камітэту яна падала ў раённы суд. Натальля Стрэльчанка патрабуе, каб суд абавязаў сьледчых правесьці больш грунтоўную праверку інцыдэнту, які адбыўся 25 сакавіка 2018г.
Натальля лічыць, што яе ня толькі беспадстаўна затрымалі зь няіснай прычыны і ўтрымлівалі ў пастарунку больш як 3 гадзіны, але і абразілі: падчас асабістага вобшуку міліцыянты загадалі ёй разьдзецца і здымалі гэты працэс на відэа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дуброўне аштрафавалі актывістку АГП, якой у Дзень Волі не далі даехаць да МенскуСамой жа Натальлі Стрэльчанцы здымаць падзеі ў міліцыі было забаронена, бо «гэта рэжымны аб’ект». Ейны пратэст быў кваліфікаваны як непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, і на яе быў накладзены штраф памерам 8 базавых велічынь — у дзень суду 30 сакавіка 2018 году гэтая сума складала 196 рублёў.
Іншых парушэньняў супрацоўнікі міліцыі не зафіксавалі, прычыну затрыманьня — нібыта заяву ад раённага чыноўніка за паклёп — больш ня згадвалі. У тым, што жанчыну, якая адна выхоўвае дваіх малалетніх дзяцей, пасьля затрыманьня і допыту на ноч зьмясьцілі ў ІЧУ, начальнік мясцовай міліцыі парушэньняў не ўбачыў. Не знайшлі ніякіх парушэньняў і супрацоўнікі СК, якія праводзілі праверку паводле заяваў Натальлі Стрэльчанкі.
Калі Дубровенскі раённы суд не падтрымае яе пазыцыі і не абавяжа сьледчых правесьці больш грунтоўную праверку, актывістка хоча зьвярнуцца па абарону ў Камітэт правоў чалавека ААН.