У 2018 годзе Расея прызвала ў сваё войска звыш 5600 украінцаў з Крыму

Прарасейскія вайскоўцы каля ўкраінскай базы ў Перавальным, Крым, 2014 год

Крымскататарскі рэсурсны цэнтар вызначыў, што Расейская Фэдэрацыя толькі ў 2018 годзе прызвала ў сваё войска больш за 5600 украінцаў з паўвострава Крым, а з моманту пачатку акупацыі — звыш 12 тысяч крымчан, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Злучаныя Штаты заклікаюць Расею спыніць гэтую непрымальную практыку», — піша ў звароце Каміян.

Пра гэта гаворыцца ў звароце часова паверанага ў справах ЗША пры АБСЭ Гары Каміяна да Пастаяннай рады арганізацыі. У дакумэнце пазначана, што Злучаныя Штаты занепакоеныя гуманітарнай сытуацыяй у акупаваным Расеяй Крыме.

«Мы таксама занепакоеныя паведамленьнямі пра тое, што расейская акупацыйная ўлада карыстаецца новай падставай для запалохваньня і арышту чальцоў крымскататарскай грамады, сьцьвярджаючы, што яны нібыта служаць ва ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнах і выступаюць «супраць інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі», — падкрэсьліў чыноўнік.

Так званая ўлада анэксаванага Крыму 25 студзеня асудзіла крымскага татарына Фэўзі Саганджы да 10,5 гадоў зьняволеньня, паводле вэрсіі расейскага боку, за ўдзел у незаконным узброеным фармаваньні «Батальён імя Чэлебіджыхана». Таксама паліцыя правяла на паўвостраве рэйды дамоў крымскіх татараў 23 і 24 студзеня пад той самай маркай.

ЗША заклікалі Расею даць усе магчымасьці для працы Спэцыяльный маніторынгавай місіі на тэрыторыі Крыму.