Грамадзянка Беларусі Анастасія Вашукевіч (Насьця Рыбка), якая стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі, перакананая, што яе вызвалілі з расейскай вязьніцы паводле распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі.
«Ён (Лукашэнка) даў асабістае распараджэньне мяне вызваліць», — сказала Насьця Вашукевіч у інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу «НАШ».
На просьбу журналіста ўдакладніць, ці гэта было асабістае распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі на адрас ФСБ Расеі, яна адказала:
«Я ня думаю, што наўпрост тым сьледчым, якія мяне затрымалі. Але паліцыя мне сказала, што сьледзтва разабралася, маёй правіны пакуль ня бачыць, таму адпускаюць. Але ж я разумею, як гэта адбываецца — ідзе званок на нейкім высокім узроўні, які наўрад ці можна проста ігнараваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрачалася з ахоўнікамі». У тайляндзкай турме паскардзіліся на Насьцю РыбкуПры гэтым яна зьвярнула ўвагу на тое, што спачатку ў публічнай прасторы зьявілася інфармацыя аб адпаведным распараджэньні кіраўніка Беларусі:
«І мяне на наступны дзень вызваляюць. У мяне — клясны адвакат у тым пляне, што ён рабіў усё, што ад яго залежала, каб я выйшла. Магчыма, я выйшла б і бяз гэтага распараджэньня (Лукашэнкі). Але сказаць, што дапамогі не было ад Аляксандра Рыгоравіча, я не магу».
Насьця Вашукевіч не выключае, што па прыезьдзе ў Беларусь у яе адбудзецца сустрэча з высокапастаўленымі асобамі краіны. На пытаньне, ці зьвязваліся зь ёй прадстаўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, яна адзначыла: «Са мной ніхто і ня будзе зьвязвацца. Разумееце? Гэта трошкі інакш адбываецца. Зьвязаліся з маім атачэньнем, і я мяркую, што калі я прылячу ў Беларусь, у мяне будзе нейкая цікавая размова. Так намякнулі».
Апроч таго, Насьця Вашукевіч прызналася, што мае сябра зь ліку кандыдатаў на прэзыдэнта Ўкраіны, але адмовілася ўдакладняць ягонае імя:
«Давайце аб гэтым пагаворым пасьля выбараў. Я вось зараз што-небудзь ляпну, і чалавеку парушу перадвыбарчую кампанію. Вы ж разумееце». І дадала з усьмешкай: «Я спачатку ў яго ўдакладню».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насьця Рыбка адмовілася адказваць на пытаньні CNN пра Алега ДзерыпаскуІнтэрвію з Насьцяй Рыбкай выйшла на ўкраінскім тэлеканале «НАШ», які зьвязваюць з кандыдатам на прэзыдэнты Ўкраіны Яўгенам Мураевым, калішнім сябрам Партыі рэгіёнаў. На тэлеканале адмовіліся ўдакладняць камэрцыйную аснову гэтага інтэрвію і парэкамэндавалі зьвязацца з кіраўніком тэлеканалу Цігранам Мартырасянам, які і запісваў гэтае інтэрвію з Насьцяй Вашукевіч. На працягу дня ён не адказаў на пытаньне, ці атрымала Насьця Вашукевіч грашовы ганарар за ўдзел у праграме «Пэрсанаж».
У часе інтэрвію Насьця Рыбка не паведаміла мэты свайго знаходжаньня ва Ўкраіне, але вядома, што ейны зводны брат жыве ў Кіеве.