Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец спадзяецца, што вуліца і помнік Васілю Быкаву ў Менску зьявяцца. Але калі — ён ня ведае.
Паводле Мікалая Чаргінца, наўрад ці вуліца імя народнага пісьменьніка Васіля Быкава будзе ў цэнтры беларускай сталіцы, бо «вуліцы пераймяноўваць — вельмі стратна». Раней старшыня СПБ выступаў з прапановай перайменаваць вуліцу Фрунзэ, дзе месьціцца Дом літаратара, у вуліцу Быкава.
На пытаньне Свабоды, чаму так доўга няма ніякага прагрэсу з тым, каб назваць у Менску вуліцу іменем Быкава і паставіць помнік народнаму пісьменьніку, Чаргінец адказаў:
«Вельмі цяжкая і складаная машына па наданьні назваў вуліц у Менску. Я са злосьцю пісаў у сваіх зваротах у Менгарвыканкам: „Трэці Загарадны завулак, Другая Шостая, чатыры завулкі Кальцова“. Мне адказаў Менгарвыканкам, што гэта вырашае камісія. Вуліцы пераймяноўваць — вельмі стратна. Абяцаюць назваць імем Быкава нейкую новую вуліцу, чакаю зь нецярплівасьцю. У мяне нават на календары сёньня пазнака стаіць: высьветліць у Менгарвыканкаме, як ідзе праца па наданьні вуліцы імя Быкава».
Памёр скульптар, аўтар праекту помніка Быкаву
Што да помніка Васілю Быкаву, то Чаргінец па-ранейшаму настойвае на праекце скульптара Аляксандра Батвінёнка і архітэктара Армэна Сардарава, але ўжо без стала ў форме зоркі. Чаргінец паведаміў, што макет помніка Быкаву стаіць у ягоным кабінэце.
«Але памёр скульптар Аляксандар Батвінёнак. Я быў шакаваны, ніхто ня ведаў. Я зьбіраюся сустрэцца зь ягоным суаўтарам — архітэктарам Армэнам Сардаравым, дэканам факультэту архітэктуры. На мой погляд, добрая скульптура, якую перараблялі тройчы, згодна з маімі пажаданьнямі і парадамі. Я забракаваў першы варыянт, дзе Быкаў сядзіць за сталом у выглядзе пяціканцовай зоркі, я адрынуў гэтую ідэю.
Што да месца, нашы прапановы: плошча на скрыжаваньні вуліц Казлова і Зьмітрака Бядулі, сквэр на вуліцы Танкавай насупраць дома, дзе жыў народны пісьменьнік, трэцяе месца — у Зялёным Лузе, але яно нам не падабаецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скульптар Аляксандар Батвінёнак: «Я за тое, каб помнікаў Быкаву было некалькі»Пісьменьнік Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну Віцебскай вобласьці, быў удзельнікам Другой Усясьветнай вайны, якой прысьвечаная асноўная частка ягонай творчасьці. Цэнтральнае месца ў аповесьцях Быкава займаў чалавек, яго гісторыі і складаны маральны выбар у найбольш трагічныя моманты жыцьця.
У 1988 годзе Васіль Быкаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. З 1998 году Васіль Быкаў зьехаў у эміграцыю, жыў у Чэхіі, Фінляндыі, Нямеччыне. Вярнуўся ў Беларусь у 2003 годзе перад самай сьмерцю, ягонае пахаваньне ў Менску было адным з самых масавых.
Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 малавядомых фактаў пра Васіля Быкава