Перакладчык Бібліі і «Фаўста». Вянок памяці Васілю Сёмуху

Васіль Сёмуха, 2009 год

На 84-м годзе памёр Васіль Сёмуха — беларускі перакладчык зь нямецкай, польскай, латыскай, лацінскай, гішпанскай, нарвэскай, армянскай, украінскай ды іншых моваў сьвету. Ён зрабіў пераклад Бібліі на беларускую мову, які выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных хрысьціянскіх канфэсіяў.

Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 году ў Пружанскім раёне. У ліпені 1942-га немцы арыштавалі ягоных бацькоў за дапамогу партызанам і расстралялі, хутар спалілі. Васіля выгадавалі цёткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Васілём Сёмухам разьвітаюцца 6 лютага

Пасьля заканчэньня Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту вярнуўся на радзіму, працаваў рэдактарам у беларускім дзяржаўным выдавецтве, інжынэрам у сэктары тэхнічнай інфармацыі на МТЗ, літаратурным супрацоўнікам газэты «Літаратура і мастацтва», выкладаў нямецкую мову ў БДУ і сусьветную літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі.​

Ад 1972 году — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Звольнены з пасады пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Пра неардынарную асобу Васіля Сёмухі ўспамінаюць людзі, у жыцьці якіх ён займаў асаблівае месца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: В.Сёмуха: Усё лепшае, што знаходжу ў мове, аддаю перакладу

Някляеў: «Зрабіў бясцэнны ўнёсак у справу беларушчыны»

Паэт і грамадзкі дзеяч Уладзімер Някляеў кажа, што яны стэлефаноўваліся на Новы год, і ўжо па голасе сябра і калегі адчувалася: цяжка і балюча, але давядзецца рыхтавацца да горшага. Трэба было тэрмінова сустрэцца...

Уладзімер Някляеў

«Калі казаць пра Васіля Сёмуху, то гэта больш чым нечы сын, бацька, сябра. Гэта складнік нашай нацыянальнай культуры, — упэўнены спадар Някляеў. — Больш за тое, гэта яшчэ і складнік нашай гісторыі: тое, што ён пасьпеў за сваё жыцьцё зрабіць, ёсьць бясцэнным унёскам у справу беларушчыны, у наш сёньняшні дзень і ў будучыню».

На долю Васіля Сёмухі выпалі складаныя жыцьцёвыя выпрабаваньні — ад забойства гітлераўцамі бацькоў да выключэньня з Саюзу пісьменьнікаў і зьняцьця з рэдактарскай пасады ў дзяржаўным выдавецтве. Аднак, паводле Ўладзімера Някляева, усе цяжкасьці ён перанёс з зайздроснай годнасьцю.

«Я ня ведаю побач з сабой яшчэ аднаго чалавека, як Васіль Сёмуха, які б да ўсіх драматычных эпізодаў свайго жыцьця адносіўся з гэткім гумарам, — працягвае паэт. — Ва ўсялякім выпадку, вонкава яно так праяўлялася. Унутры, вядома, гэта перажывалася — не магло не перажывацца тое, што здаралася ў жыцьці. Аднак усё было па-за межамі нейкай жальбы, па-за межамі пошукаў спачуваньня. Прынамсі вонкава выглядала менавіта так: ну што ж, дзякуй Богу, што даў жыцьцё і даў перажываньні. Надзвычай аптымістычны і пазыўны характарам быў Васіль Сяргеевіч», — сказаў Ўладзімер Някляеў Свабодзе.

Васіль Сёмуха, 2008 год

Баршчэўскі: «Зрабіў працу цэлай камісіі»

Справай жыцьця Васіля Сёмухі быў пераклад Бібліі на беларускую мову.

Як прыгадвае мовазнаўца і перакладчык Лявон Баршчэўскі, перакладаць Новы і Стары Запаветы Васіль Сёмуха пачаў яшчэ ў канцы 1980-х, але ўступіў у канфлікт з царкоўнымі перакладчыкамі і адышоў ад справы. Пераклад Новага Запавету на беларускую мову ў варыянце, ухваленым БПЦ, і сёньня зьмяшчае небеларускую тэрміналёгію, зь якой змагаўся Сёмуха.

Лявон Баршчэўскі

«Ён тлумачыў, чаму выйшаў зь біблійнай камісіі БПЦ. Па сутнасьці, яго запрасілі зрабіць пераклад, а камісія мелася спраўджваць тэкст на адпаведнасьць тэалягічным устаноўкам. То бок перакладае філёляг, а тэолягі ўносяць зьмены. І вось калі пачалі рабіць карэктывы, якія пярэчылі духу беларускай мовы, Сёмуха спыніў супрацу: ня мог пагадзіцца на ўжываньне словаў кшталту „благадаць“ ці „блажэнны“. Экзархат пасьля ўсё ж выдаў пераклад, уставіўшы царкоўнаславянізмы».

У 2002 годзе Васіль Сёмуха выдаў свой пераклад Бібліі ў такім выглядзе, які адпавядаў беларускаму духу, а ўсе правы перадаў дачцэ Алесі. І калі цяпер друкуюцца нават асобныя фрагмэнты не пад ягоным імем, гэта ёсьць парушэньнем аўтарскага права. Падобную самадзейнасьць спадар Баршчэўскі характарызуе дасьціпным нэалягізмам — перакрады.

Біблію ў перакладзе Сёмухі выдалі ягоныя дзеці: Сяргей, менскі бізнэсовец, і Алеся, якая жыве ў ЗША. У часе агульнанацыянальнай дыктоўкі ў гонар Кірылы і Мяфодзія ў траўні 2010-га Сяргей ад імя бацькі падарыў Нацыянальнаму гістарычнаму музэю друкарскую машынку, на якой рабіўся пераклад.

Архіўнае фота. Міхась Скобла і Васіль Сёмуха. Фота Сяргея Шапрана.

«Бібліяй Сёмухі», як яе потым нефармальна называлі сябры, вось ужо звыш паўтара дзясятка гадоў карыстаюцца вернікі ў Беларусі, ЗША, Канадзе, іншых краінах. Пераклад дабраславіў мітрапаліт Мікалаем, першагерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Сёлета ў студзені калектывы Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) і Каталіцкай царквы былі ўганараваныя прэзыдэнцкай прэміяй «За духоўнае адраджэньне» за пераклады на беларускую мову Новага Запавету. Васіля Сёмуху, які ўдзельнічаў у перакладзе Эвангельля паводле Мацвея ў першым складзе біблійнай камісіі, пры гэтым не згадалі.

Падгол: «Цікавасьці да Гётэ паспрыяла асабістая трагедыя»

Падчас першай агульнанацыянальнай дыктоўкі, ініцыяванай грамадзкім дзеячам Уладзімерам Падголам у 2008 годзе (у гонар 90-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі), кіраўнікі і супрацоўнікі дыпляматычных місій краін Эўразьвязу, Ізраілю і Ўкраіны чыталі па-беларуску зробленыя Васілём Сёмухам пераклады вершаў розных эўрапейскіх аўтараў.

А за шматлікія пераклады зь нямецкай мовы на падставе хадайніцтва Ўладзімера Падгола перад прэзыдэнтам Нямеччыны Васіль Сёмуха быў уганараваны ордэнам «За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Германіяй». Раней яго адзначалі «Залатым знакам гонару».

Уладзімер Падгол

«Аднойчы я расказаў тагачаснаму амбасадару Нямеччыны Хорсту Вінкельману пра ўнікальны лёс і перакладчыцкую працу Васіля Сёмухі, — згадвае спадар Падгол. — І ў канцы запытаў: дык ці заслугоўвае ўзнагароды такі чалавек? Той сказаў: напішы ўсё, што апавёў. Назаўтра я прынёс у амбасаду тэкст, Хорст паабяцаў, што перакладзе і накіруе свайму прэзыдэнту. Так і адбылося, ліст быў падпісаны. Год пайшоў на ўзгадненьні, але першы і адзіны грамадзянін Беларусі атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Нямеччыны».

Уладзімер Падгол нагадвае, што да нямецкай культуры і літаратуры, як ні парадаксальна, Сёмуху падштурхнула асабістая трагедыя. Калі Васілю было 6 гадоў, гітлераўцы на яго вачах спалілі бацькоўскую хату, забілі маму і тату. З той пары яго турбавала пытаньне: што за народ такі немцы? Ягоная цётка выкладала ў школе нямецкую мову і дапамагла пляменьніку яе асвоіць. Так пачалося захапленьне нямецкай літаратурай, а падчас навучаньня на рамана-германскім аддзяленьні філялягічнага факультэту МДУ ён пачаў перакладаць «Фаўста» Гётэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Слоўнік Васіля Сёмухі быў бы бэстсэлерам»

Яшчэ за савецкім часам Сёмуха зьвярнуўся ў партыйныя структуры, каб тыя дазволілі яму прасіць у кіраўніцтва Нямеччыны «кампэнсацыі» за забітых бацькоў і страчаную маёмасьць — выдаткаваць сродкі на выданьне «Фаўста» па-беларуску. За падобную ініцыятыву яго выключылі з Саюзу пісьменьнікаў БССР. Супраць прагаласаваў толькі адзін чалавек.

Пасьля выключэньня зь літаратурнай арганізацыі Сёмуха больш за 10 гадоў быў вымушаны працаваць на заводзе перакладчыкам тэхнічнай літаратуры, што не спрыяла літаратурнай дзейнасьці.

Як чалавек вясёлы і дасьціпны, Васіль Сёмуха стаў аўтарам ідэі цытатніка «Народны тэлевізар» з выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама рэдагаваў раман Уладзімера Падгола «Куля для прэзыдэнта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль Сёмуха роднай мовай назваў заходнепалескі дыялект

  • Васіль Сёмуха пераклаў зь нямецкай творы Гётэ, Шылера, Гайнэ, Шаміса, Мюлера, Рукэрта, Гофмана, Грымэльсгаўзэна, Ніцшэ, Брэхта, Дурэнмата, Гесэ, дэ Бройна, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда.
  • З польскай — Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага, Норвіда, Тувіма, Сыракомлю, Гамбровіча ды іншых.
  • З латыскай — Яна Райніса, Чакса, Бэлшавіцу, Скуіньша, Бэлса, Вацыеціса і г.д.
  • Рабіў пераклады тэкстаў для драматычных тэатраў і музычных твораў. Супрацоўнічаў з кіраўніком «Беларускай капэлы» Віктарам Скарабагатавым, пераклаў лібрэта да опэр «Фаўст» Радзівіла, «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.
  • Пераклаў на беларускую мову «Найвышэйшую песьню Саламонаву» (1994), «Новы Запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002).
  • Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, літаратурнай прэміі ПЭН-цэнтру, а таксама найвышэйшай узнагароды Латвіі — ордэна «Трох зорак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ян Максімюк пра пяць перакладаў ад Васіля Сёмухі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтарскае права ці бяспраўе аўтараў?