З Васілём Сёмухам разьвітаюцца 6 лютага

Васіль Сёмуха, 2008 год

Разьвітаньне зь перакладчыкам Васілём Сёмухай, якія памёр 3 лютага ва ўзросьце 83 гадоў, адбудзецца 6 лютага, паведамляе БелаПАН.

Цырымонія пройдзе з 10.00 да 14.45 у рытуальнай зале № 1 на вуліцы Альшэўскага, 12 у Менску.

У 14.45 памерлага павязуць у крэматорый на Паўночных могілках сталіцы, паведаміла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Тацяна Нядбай.

Васіль Сёмуха — беларускі перакладчык зь нямецкае, польскае, латыскае, лацінскае, гішпанскае, нарвэскае, армянскае, украінскае ды іншых моваў. Зрабіў пераклад Бібліі на беларускую, які выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных беларускіх хрысьціянскіх цэркваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: В.Сёмуха: Усё лепшае, што знаходжу ў мове, аддаю перакладу

Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 году ў сям’і лесьніка ў Пружанскім раёне. У ліпені 1942 г. немцы арыштавалі бацькоў праз падазрэньне ў дапамозе партызанам і расстралялі, хутар спалілі.

У 1967 годзе Васіль Сёмуха напісаў запыт тагачаснаму міністру замежных справаў Гурыновічу, спытаўшы, ці можа патрабаваць ад ураду ФРН кампэнсацыі за страчаную маёмасьць, каб выдаць пераклад «Фаўста». Пасьля гэтага быў выключаны з Саюзу пісьменьнікаў БССР з фармулёўкай: «...за зносіны з замежнымі пасольствамі і спробу выдаць „Фаўста“ ў Мюнхэне».​

Васіль Сёмуха зь Міхасём Скоблам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтарскае права ці бяспраўе аўтараў?

Працаваў рэдактарам у беларускім дзяржаўным выдавецтве (1959–1964), інжынэрам у сэктары тэхнічнай інфармацыі СКБ-3 на Менскім трактарным заводзе (1964–1965), выкладчыкам нямецкай мовы ў школе (1966–1967), літаратурным супрацоўнікам газэты «Літаратура і мастацтва» (1967–1972). Як сумяшчальнік выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966–1970).

Ад 1972 году — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР ад 1977 году, потым Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Звольнены з пасады рэдактара «Мастацкай літаратуры» пасьля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. Выкладаў сусьветную літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ян Максімюк пра пяць перакладаў ад Васіля Сёмухі

  • Перакладаў зь нямецкай творы Гётэ, Шылера, Гайнэ, Шаміса, Мюлера, Рукэрта, Гофмана, Грымэльсгаўзэна, Ніцшэ, Брэхта, Дурэнмата, Гесэ, дэ Бройна, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда ды іншых аўтараў.
  • З польскай перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага, Норвіда, Тувіма, Сыракомлю, Гамбровіча і іншых.
  • З латыскай мовы Яна Райніса, Чакса, Бэлшавіцу, Скуіньша, Бэлса, Вацыеціса ды іншых.
  • Рабіў пераклады тэкстаў для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічаў з заслужаным артыстам Беларусі кіраўніком «Беларускай капэлы» Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да опэраў А. Г. Радзівіла «Фаўст», «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.
  • Пераклаў на беларускую мову «Найвышэйшую песьню Саламонаву» (1994), «Новы Запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Слоўнік Васіля Сёмухі быў бы бэстсэлерам»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль Сёмуха роднай мовай назваў заходнепалескі дыялект