Аляксандар Лукашэнка, зацьвярджаючы 4 лютага рашэньне аб ахове мяжы ў 2019 годзе, агучыў загад павялічыць колькасьць памежнікаў.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Аляксандар Лукашэнка патлумачыў сваё рашэньне «патрэбамі нацыянальнай бясьпекі» і назваў такі крок беспрэцэдэнтным.
«З улікам росту нэгатыўных фактараў, зьвязаных зь незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай (асабліва зброі), перад Памежным камітэтам пастаўлена задача павялічыць да неабходнага штатную колькасьць. Беспрэцэдэнтны крок, але нацыянальная бясьпека — найважнейшы фактар», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Ён таксама нагадаў пра стварэньне манэўраных груповак памежных войскаў, якія «знаходзяцца заўсёды ў рэзэрве кіраўнікоў памежных атрадаў і ў лічаныя хвіліны выдзяляюцца на напрамкі імавернага руху саперніка, калі там абвастрэньне сытуацыі».
Камэнтуючы становішча на беларускай мяжы, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што «выклікаў стала болей, чым было нават летась».
На пытаньні Свабоды, якая цяпер колькасьць службоўцаў у Памежным камітэце і наколькі яе хочуць павялічыць, у кіраўніцтве камітэту пакуль не адказалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ваюем з Украінай ці Расея?» — Лукашэнка «разабраўся», хто запраўляе ўкраінскія танкі і пастаўляе зброю ў Беларусь