Пра гэта Свабодзе паведаміў намесьнік начальніка камітэту архітэктуры і будаўніцтва Берасьцейскага райвыканкаму Генадзь Панасюк.
1 лютага ў дзяржаўным выданьні «Брестский вестник» зьявілася інфармацыя, што камісія інвэстыцыйнай дзейнасьці Берасьцейскага аблвыканкаму адмовіла ААТ «Прыбускі квартал» у заключэньні дадатковай угоды да інвэстыцыйнай дамовы, паводле якой будуецца жыльлёвы комплекс «Прыбускі квартал».
Як расказаў Генадзь Панасюк, гэта не азначае, што дом ня будзе будавацца на тым месцы, дзе будаўнікі выявілі парэшткі людзей.
«Будаўніцтва дома і будаўніцтва дома ў межах інвэстыцыйнай дамовы — гэта розныя пытаньні. Дом будзе будавацца па-за межамі інвэстыцыйнай дамовы. Гэта разгледзела камісія. Камісія можа толькі рэкамэндаваць аблвыканкаму; разгляду, наколькі разумею, яшчэ не было», — кажа Генадзь Панасюк.
Будаўніцтва дома ў межах інвэстпраекту мае некаторыя льготы, патлумачыў чыноўнік.
Пакуль не ідзе размовы пра тое, што на месцы выяўленых парэштак расстраляных людзей будаўніцтва будзе спыненае, сказаў Генадзь Панасюк.
Як раней паведамляла Свабода, на будаўнічай пляцоўцы ў цэнтры Берасьця былі знойдзеныя парэшткі дзясяткаў людзей, забітых нацыстамі падчас Другой усясьветнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста непрыстойна». У Берасьці на будоўлі элітнага дому знайшлі месца масавых расстрэлаўНа месцы будаўніцтва элітнага жылога комплексу «Прыбускі квартал» у гады вайны знаходзілася гета, тут адбываліся і расстрэлы габрэяў.
Непадалёк знаходзіцца помнік 34 тысячам ахвяраў Берасьцейскага гета.
Мастацтвазнаўца ў галіне архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця мяркуе, што варта забараніць будаўніцтва на месцы выяўленых парэштак. Яна стварыла адпаведную пэтыцыю ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам. Пад пэтыцыяй падпісалася каля 100 чалавек.
«Важна спыніць якую-кольвек забудову гэтай тэрыторыі зь дзьвюх прычын: першая — невядома, колькі яшчэ таямніц хаваецца побач, і другое — павага да памерлых», — кажа Ірына Лаўроўская.