Уладзімір Пуцін, Хасан Рухані і Рэджэп Таіп Эрдаган плянуюць сустрэцца на расейскім чарнаморскім курорце Сочы 14 лютага, каб абмеркаваць сытуацыю ў Сырыі, паведамляюць турэцкія і расейскія дзяржаўныя СМІ.
Расейская тэлекампанія НТВ заявіла, што лідэры абмяркуюць сытуацыю вакол так званай зоны дээскаляцыі вакол Ідліб у Сырыі і чаканага вываду амэрыканскіх войскаў. Тры краіны заявілі, што імкнуцца да палітычнага выхаду зь сямігадовай грамадзянскай вайны ў Сырыі.
Масква і Тэгеран падтрымліваюць сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, а Турэччына і Злучаныя Штаты — розныя групы паўстанцаў.
Некалькі раўндаў перамоваў за апошнія гады не змаглі спыніць баявыя дзеяньні, якія забралі жыцьці больш як 400 тысяч чалавек, прымусілі мільёны стаць уцекачамі і разбурылі шмат гістарычных месцаў па ўсёй краіне.