У Вялікабрытаніі распрацаваны плян эвакуацыі каралевы Лізаветы II і іншых членаў каралеўскай сям’і зь Лёндану на выпадак беспарадкаў у брытанскай сталіцы пасьля выхаду з ЭЗ без пагадненьня зь Эўразьвязам — так званага «жорсткага» Brexit.
Палітыкі і камэнтатары называюць «жорсткі» Brexit цалкам рэальным, паколькі менш як за 2 месяцы да вызначанай даты выхаду Брытаніі з ЭЗ — 29 сакавіка — пагадненьне так і ня ўхваленае.
Плян, вытрымкі зь якога публікуюць у нядзелю газэты The Sunday Times і The Mail on Sunday, прадугледжвае эвакуацыю каралевы і яе мужа на «сакрэтнае месца» па-за межамі Лёндану. Падобны плян, нагадваюць газэты, распрацоўваўся ў гады Халоднай вайны на выпадак ядзернага нападу з боку СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Times: брытанскі ўрад гатовы ўвесьці ваеннае становішча ў выпадку «жорсткага» BrexitРаней стала вядома, што брытанскія ўлады ў выпадку «жорсткага» Brexit гатовыя прыцягнуць да аховы грамадзкага парадку некалькі тысяч вайскоўцаў. Асаблівыя асьцярогі выклікае сытуацыя ў Паўночнай Ірляндыі.
Брытанскі парлямэнт даручыў прэмʼеру Тэрэзе Мэй дамагчыся зьменаў ва ўзгоднены раней дагавор аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ, у прыватнасьці ў пытаньні аб гарантыях захаваньня «празрыстасьці» мяжы паміж Ірляндыяй і Паўночнай Ірляндыяй. Тэрмін заканчваецца 13 лютага. У ЭЗ раней заявілі, што мяняць тэкст пагадненьня ня будуць. Бяз гэтых зьмен, аднак, брытанскі парлямэнт не гатовы галасаваць за дакумэнт.