Блогер Сяргей Пятрухін абвінавачваецца па крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 188 («Паклёп») і ч. 2 арт. 189 («Абраза») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Адпаведную пастанову адносна яго вынес Берасьцейскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэта і накіраваў яе пракурору Берасьця.
Паводле прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў, у пастанове гаворыцца, што падставай стаў відэаролік, які быў зьняты 23 сакавіка 2018 года ў будынку суда Ленінскага раёна Берасьця і трансьляваўся на YouTube.
Паводле абвінавачаньня, падчас трансьляцыі Сяргей Пятрухін распаўсюдзіў інфармацыю адносна ўчастковага інспэктара Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка, якая «не адпавядае рэчаіснасьці, істотна прымяншае гонар і годнасьць асобы, дыскрэдытуе пацярпелага ў вачах грамадзкасьці».
Акрамя таго, гаворыцца ў пастанове, 3 красавіка 2018 года на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» Сяргей Пятрухін разьмясьціў камэнтар, «які ўтрымлівае пагардлівыя, прыніжальныя, нэгатыўна-ацэначныя выразы».
Гэтым самым, лічаць у Берасьцейскім міжраённым адзьдзеле Сьледчага камітэта, Пятрухін «наўмысна зьняважыў гонар і годнасьць» чацьвярых супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Берасьця і нанёс ім маральную шкоду. Крымінальныя справы супраць Пятрухіна па абодвух артыкулах аб’яднаныя ў адну вытворчасьць.
Абставінаў, якія б зьмякчалі адказнасьць, ня выяўлена, — адзначаецца ў пастанове.
Паводле крымінальных артыкулаў, прад’яўленых блогеру, прадугледжваецца пакараньне ў выглядзе штрафу або папраўчыя працы ці абмежаваньне волі.
У верасьні мінулага года Сяргей Петрухін у рамках распачатай адносна яго крымінальнай справы быў прымусова дастаўлены на судова-псыхіятрычную экспэртызу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АМАП уламіўся ў кватэру да берасьцейскага блогера Пятрухіна зь ператрусамРаней блогера неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскага блогера асудзілі за заклік да пратэсту праз YoutubeЯго штрафавалі за відэаролікі для канала «Народны рэпартэр», у якіх ён разам з калегам Аляксандрам Кабанавым асьвятляе сытуацыю вакол будаўніцтва ля Берасьця акумулятарнага завода «Айпауэр», за збор подпісаў за адстаўку чыноўнікаў, які міліцыя і суд палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам.
Аплачваць вялізарныя штрафы блогерам дапамагаюць людзі, паведамляе «Брэсцкая газэта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пратэстую дзеля дзяцей», — жыхарка Берасьця, якую асудзілі за «пікет сьнегавікоў»