Беларускай апазыцыі лепш ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, — палітоляг

Зьлева направа: Лідэр Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў, сустаршыня аргкамітэту партыі БХД Віталь Рымашэўскі і выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў

Госьць «Інтэрвію тыдня» — беларускі палітоляг Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі. Ён ацэньвае стан грамадзтва і ўлады напярэдадні выбарчых кампаніяў, заяўляе, што ніякай буйной гульні Расеі на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах не чакаецца, і тлумачыць, чаму рацыянальным крокам для беларукай апазыцыі было б ня браць удзелу ў гэтай прэзыдэнцкай кампаніі.

Сьцісла

  • Няма ніякіх кардынальных праблемаў, якія б справакавалі сытуацыю небясьпекі для ўлады на выбарах.
  • Жорсткая палітыка Расеі будзе выклікаць больш незалежніцкай рыторыкі, мяккая палітыка будзе скарыстаная для прапаганды «дружбы і інтэграцыі».
  • Няўдзел апазыцыі ў выбарах стаў бы контрадзеяньнем, якое магло б сабраць значна больш сымпатыяў з боку беларускага грамадзтва.

Гэта будзе вельмі лёгкая для ўлады кампанія

— Як можна апісаць «пэйзаж перад бітвай», стан беларускай улады, грамадзтва і апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў? Ці можна казаць, што для Лукашэнкі гэта будзе дастаткова лёгкая кампанія, ці ўсё яшчэ можа памяняцца?

Андрэй Ягораў

— Натуральна, гэта будзе вельмі лёгкая для ўлады кампанія. Мы маем цалкам расьцярушаную, слабую, ня здольную ні на што ўплываць апазыцыю. Мы маем палітычна пасіўнае грамадзтва, якое не цікавіцца выбарамі і ўскладае спадзяваньні на цяперашнюю ўладу. І мы маем добры стан адміністратыўнай гатовасьці, мабілізацыі ўлады да правядзеньня выбараў.

У прынцыпе, няма ніякіх кардынальных праблемаў, якія б справакавалі сытуацыю небясьпекі для ўлады на выбарах. Адзінае — гэта магчымае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў сувязі з «падатковым манэўрам» ды іншымі вонкавымі шокамі. Але і гэта ня стане для ўлады крытычнай сытуацыяй — яна будзе пераадоленая.

Ніякай буйной гульні Расеі ў сытуацыі выбараў не прадбачыцца

— Ці могуць на гэтую стабільнасьць паўплываць замежныя чыньнікі? Захад звычайна крытычна ставіўся да беларускай улады, падтрымліваў (палітычна і маральна) беларускую апазыцыю. Расея традыцыйна выкарыстоўвала выбары, каб патузаць, панэрваваць Аляксандра Лукашэнку. Ці зьменіцца гэты расклад на бліжэйшых выбарах?

— Ня бачу ніякіх падставаў, каб гэтыя гульцы зараз паводзілі сабе неяк па-іншаму. Ніякай буйной гульні Расеі ў сытуацыі выбараў не прадбачыцца. Я ня думаю, што гэта тая сытуацыя, дзе Расея хацела б умяшацца, правакаваць нейкія народныя бунты. У Расеі тут вельмі абмежаваныя магчымасьці, бо ў Беларусі няма моцных прарасейскіх сілаў і Лукашэнка, як ні круці, застаецца самым прарасейскім палітыкам у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка зьбіраецца перамагаць на прэзыдэнцкіх выбарах

Што да Захаду, то, як і раней, ад яго будзе пэўная падтрымка беларускай апазыцыі — маральная, інфармацыйная. І, магчыма, фінансавая. Але апазыцыя знаходзіцца ў такім стане, што яна ня здолее скарыстацца з гэтай падтрымкі такім чынам, каб гэта паўплывала на выбары. Захад таксама зацікаўлены ў дэмакратызацыі выбараў, але паколькі гэтага не адбудзецца, то мы пабачым дастаткова мяккую крытыку з боку міжнародных назіральнікаў. То бок усё застанецца як і раней.

— Ці можна казаць, што ў сваёй цяперашняй сацыяльна-эканамічнай палітыцы Аляксандар Лукашэнка ўжо цяпер улічвае выбарчы аспэкт? Можна назваць і падвышэньне пэнсіяў, падвышэньне заробкаў настаўнікам і мэдыкам, рост выдаткаў на «культуру», правядзеньне ў Менску Эўрапейскіх гульняў.

— Натуральна, можна казаць, што ўсё гэта плянуецца і будзе выкарыстана ў сувязі з выбарчай кампаніяй. Бо поўная канцэнтрацыя ў руках улады ўсіх інструмэнтаў палітыкі, поўнае адзяржаўленьне ўсіх інстытуцыяў дазваляе ўладзе выкарыстоўваць усё гэта на выбарах. Будзе задзейнічана ўсё, што магчыма.

— Ці можна сказаць што тэма «абароны незалежнасьці» стане для Лукашэнкі адной з галоўных падчас гэтай выбарчай кампаніі? Ці, можа, пасьля чарговай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным кіраўнікі пра ўсё дамовяцца, і гэтая тэма «гаранта сувэрэнітэту» стане непатрэбнай? Што яму лепш у сэнсе выбарчай кампаніі — сытуацыя канфлікту ці міру з Расеяй?

— Я думаю, што любая палітыка з боку Расеі будзе канвэртаваная ў пэўную прапаганду ўнутры Беларусі. І любая сытуацыя будзе выкарыстаная на карысьць кампаніі ўлады. Жорсткая палітыка Расеі будзе выклікаць больш незалежніцкай рыторыкі; мяккая палітыка Масквы і сытуацыя, калі Лукашэнка дамовіцца з Пуціным, будзе скарыстаная для прапаганды дружбы і інтэграцыі.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка сустрэліся ў Магілёве, 12 кастрычніка 2018 году

І ў такім выпадку Лукашэнка будзе выглядаць ужо не абаронцам незалежнасьці, а чалавекам, які ў стане дамаўляцца з моцным суседам і выкарыстоўваць магчымасьці Расеі дзеля разьвіцьця Беларусі. Так што так ці інакш адносіны з Расеяй не паўплываюць на агульны вынік кампаніі.

Для апазыцыі найлепшым варыянтам было б не падыгрываць уладзе ў сытуацыі выбарчага фарсу

— Сярод лідэраў апазыцыі традыцыйна ідуць дыскусіі, які фармат удзелу ў выбарах будзе аптымальным — адзіны кандыдат ці ўдзел рознымі калёнамі. Па-вашаму, які варыянт найлепшы і які на сёньня найбольш верагодны?

— З гледзішча палітычнай эфэктыўнасьці для апазыцыі найлепшым варыянтам было б не падыгрываць уладзе ў сытуацыі выбарчага фарсу і проста ня ўдзельнічаць у выбарах ні ў якім выглядзе. Але апазыцыя цяпер ня ў стане прымаць палітычныя рашэньні рацыянальнага характару. Хутчэй яна будзе рухацца ў стандартным коле тых стратэгій, якія былі выпрацаваныя раней. Таму, хутчэй за ўсё, будзе ўдзел розных кандыдатаў ад розных сілаў. Магчыма, частка зь іх (напрыклад, правацэнтрысцкая кааліцыя) дамовяцца пра свайго адзінага кандыдата, але гэта ня будзе ніяк уплываць на сэнс гэтай выбарчай кампаніі.

— Вы кажаце, што ўдзел — гэта не рацыянальнае рашэньне. А што апазыцыі дасьць няўдзел у выбарах, якія перавагі і выгоды?

— Гэта было б дастаткова нечакана для гэтай улады. Ёй бы давялося вырашаць задачу мабілізацыі і стварэньня канкурэнцыі на палітычным полі, імітацыі дэмакратычных выбараў. І апазыцыя не падыгрывала б уладзе ў гэтай кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя абвясьціла палітычную кампанію «За незалежнасьць»

Апазыцыя ў гэты час магла б заняцца вырашэньнем сутнасных праблемаў свайго характару. Гэта было б нейкім контрадзеяньнем, якое магло б сабраць значна больш сымпатыяў з боку беларускага грамадзтва на баку апазыцыі, чым любыя формы ўдзелу.