Чаму беларускі гандаль з Армэніяй у 10 разоў меншы, чым з Азэрбайджанам

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Беларусь знаходзіцца ў адным вайсковым саюзе з Армэніяй, а зброю прадае Азэрбайджану.

Таваразварот Армэніі і Беларусі за мінулы год склаў 50 мільёнаў даляраў — пяць апошніх гадоў краіны фактычна абмяжоўваюцца гэтай лічбай, адхіленьні складаюць па некалькі мільёнаў.

Кветкі ў абмен на трактары

У лідэрах беларускага экспарту — трактары, шыны, малочныя прадукты. Армяне пастаўляюць у Беларусь найперш алькагольныя напоі і лекі. Летась на беларускім рынку зьявіліся кветкі з Армэніі, чаго раней не было, але на агульны балянс гэта істотна не паўплывала.

Новы амбасадар Армэніі ў Беларусі Армэн Гевандзян на сустрэчы са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам заявіў, што аб’ём таваразвароту не адпавядае магчымасьцям абедзьвюх краін. Беларускі сьпікер зь ім пагадзіўся.

Каб павялічыць таваразварот, Менск прапануе абнавіць армянскі транспартны парк за кошт беларускіх аўтобусаў, вагонаў, аўтамабіляў. У Ерэване новай прадукцыі, якая магла б зацікавіць беларусаў, пакуль не называюць.

«Армэнія — горная краіна, дзе людзі жывуць на камянях. Каньяк, кветкі, лекі. Хіба да гэтага можна дадаць брыльянты. Мы ім — дзясятак трактароў, яны нам — шыкоўнае брыльянтавае калье. У армян шмат медзі. Але ў беларускай вытворчасьці гэты мэтал шырока не задзейнічаны», — сумняецца ў пэрспэктывах росту супрацоўніцтва кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

Экспэрт дадае, што Армэнія купляла б болей беларускіх вырабаў, каб мела больш валюты. Але яна адносіцца да найбяднейшых краінаў нават на тэрыторыі СНД.

Вайсковыя паўмільярда даляраў

У той жа час таваразварот паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам, зь якім у Армэніі напружаныя адносіны праз канфлікт у Нагорным Карабаху, летась наблізіўся да паўмільярда даляраў.

«Дакладная лічба будзе вядомая крыху пазьней, але парогавыя паказьнікі за 2018 год ужо вядомыя: ад 450 да 500 мільёнаў даляраў», — сказаў днямі амбасадар Беларусі ў Азэрбайджане Генадзь Ахрамовіч.

Дыплямат назваў галоўныя экспартныя і імпартныя тавары: зь Беларусі ў Азэрбайджан пастаўляюць найперш харчы і лекі, у адваротным кірунку ідуць гародніна і прадукцыя нафтахіму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь сябруе з Азэрбайджанам і канфліктуе з Армэніяй

«Але на гэтым паўмільярда ніяк не дасягнеш. Азэрбайджанская нафта дарагая, мы купляем яе вельмі мала. Амбасадар не сказаў пра галоўнае — вайсковыя закупкі. У Баку ёсьць нафтадаляры, яны могуць сабе дазволіць набываць у Менску і сыстэмы залпавага агню, і летальную зброю, і, нарэшце, ракетныя комплексы „Палянэз“. Можна нават пажартаваць: мы ім — „Палянэзы“, яны нам — гранатавы сок. Мы ім — гранаты, яны нам — зноў гранатавы сок», — кажа Леанід Заіка.

Беларусь і Армэнія знаходзяцца ў адной міжнароднай вайсковай структуры — Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), а Азэрбайджан у АДКБ не ўваходзіць. Канфлікт паміж Баку і Ерэванам вакол Нагорнага Карабаху дагэтуль ня вырашаны, і зброя зь Менску ідзе не партнэру па блёку, а Азэрбайджану.

АДКБ Менску не перашкода

У гэтай справе не абышлося без удзелу Расеі, — перакананы міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

«Тыя ж „Палянэзы“ Ерэвану не патрэбныя, бо на тэрыторыі Армэніі знаходзяцца расейскія „Іскандэры“. Вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў рамках АДКБ Масква разумее як пастаўку па ўнутрырасейскіх цэнах сваёй зброі іншым краінам — удзельніцам дамовы», — адзначае экспэрт.

Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што продаж зброі зь Беларусі не падабаўся армянскім уладам ад самага пачатку.

«Да Пашыньяна яны не афішавалі прылюдна сваю незадаволенасьць. А новы армянскі лідэр публічна асудзіў пагадненьне аб продажы чарговай партыі зброі Азэрбайджану. Ён сказаў, што такія дзеяньні беларускіх уладаў «накіраваныя супраць нацыянальных інтарэсаў Армэніі і скажаюць сутнасьць АДКБ».

Якаўлеўскі згадвае, што нядаўна Аляксандар Лукашэнка выказваў жаданьне стаць пасярэднікам у азэрбайджанска-армянскім канфлікце. Аднак ён упэўнены, што з гэтай ініцыятывы нічога не атрымаецца.

«Калі краіна, якая хоча быць пасярэднікам, у такіх вялікіх аб’ёмах рэгулярна прадае зброю аднаму з удзельнікаў вайсковага канфлікту, то яна аніяк ня можа быць пасярэднікам. Армэнія на гэта ніколі не пагодзіцца», — лічыць Раман Якаўлеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян аб продажы Беларусьсю зброі Баку: «Мы асуджаем такія ўгоды»