392 дні, 48 забароненых мітынгаў, 1 базавая за сьнегавіка. Берасьцейскія пратэсты ў лічбах і карцінках

Завод, які зьбіраліся запусьціць у жніўні, будуюць далей. Пратэсты супраць яго не спыняюцца. Тыдзень таму мясцовыя ўлады адмовіліся рэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму супраць заводу.

392 дні — столькі працягваюцца пэрыядычныя акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця.

Першая акцыя адбылася 5 студзеня 2018 году побач з пляцоўкай, на якой пачыналася будаўніцтва заводу. У стыхійным мітынгу ўдзельнічалі жыхары навакольных вёсак. Тады амаль ніхто зь іх ня ведаў, якім чынам побач зь іхнімі дамамі стала магчымым такое будаўніцтва і хто даў на яго дазвол.

66 — столькі заявак на правядзеньне санкцыянаваных акцыяў пратэсту было пададзена ў берасьцейскі гарвыканкам.

У тым ліку 48 — на мітынгі, 12 — на пікеты, 6 — на вулічныя шэсьці.

5 гадзін 30 хвілін — столькі працягвалася сустрэча пяці праціўнікаў будаўніцтва заводу зь міністрам прыроды Андрэем Худыкам.

Сустрэча адбылася ў Менску 5 сьнежня 2018 году. Актывістам забаранілі запісваць размову зь міністрам на дыктафоны, паабяцаўшы пазьней перадаць свой уласны запіс. Аднак празь некалькі дзён пасьля сустрэчы міністэрская сакратарка паведаміла, што ў яе дыктафона падчас запісу селі батарэйкі і файл не захаваўся. Па словах удзельнікаў сустрэчы, міністар паабяцаў актывістам не дапусьціць адкрыцьця заводу ў тым выпадку, калі ён будзе парушаць экалягічныя нормы.

1225 рублёў — такі быў самы вялікі штраф, прысуджаны ўдзельнікам пратэстаў

Яго атрымалі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў (па 50 базавых кожнаму) за тое, што разьмясьцілі ў інтэрнэце ролік з заклікамі выходзіць на галоўную плошчу Берасьця пакарміць галубоў у нядзелю. Падтрымаць відэаблогераў у суд, які адбыўся 28 лютага 2018 году, прыйшло каля 50 чалавек.

Дакладную колькасьць штрафаў і іх агульны памер удзельнікі пратэстаў назваць ня могуць. Адным з апошніх і самых невялікіх стаў штраф за правядзеньне пікету ў выглядзе сьнегавіка. Яго атрымала Юлія Нічыпарук, якая разам са сваімі дзецьмі зьляпіла сьнегавіка побач з будаўнічай пляцоўкай заводу.

47 — столькі разоў праціўнікі будаўніцтва выходзілі на галоўную плошчу Берасьця.

Несанкцыянаваныя акцыі пратэсту праходзяць у Берасьці кожную нядзелю пад выглядам кармленьня галубоў, удзел у іх прымае ад 50 да 200 чалавек. Першая такая акцыя прайшла ў канцы лютага 2018 году і з таго часу не адбылася толькі аднойчы — бо ўлады арганізавалі афіцыйнае мерапрыемства.

37 000 — столькі подпісаў жыхары Берасьця сабралі пад зваротам, каб спыніць будаўніцтва заводу, за першы месяц.

Подпісы, сабраныя зь сярэдзіны студзеня да сярэдзіны лютага, актывісты перадалі ў Адміністрацыю кіраўніка краіны. Пасьля гэтага збор подпісаў быў працягнуты. Агулам супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля абласнога цэнтру падпісалася больш за 40 тысяч чалавек — кожны восьмы жыхар гораду.

1 — столькі акцый пратэсту за год дазволілі правесьці берасьцейскія ўлады.

Дазволены мітынг «Брестчанки против свинца» прайшоў у абласным цэнтры 29 красавіка 2018 году ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў. На яго сабралася каля 2000 чалавек.