Сьледчы камітэт упершыню выказаўся пра справу горадзенскага гатэльнага ўласьніка Станіслава Сямашкі і зьнішчанага ім дэкору.
Сьледчы камітэт паведаміў, што віна Сямашкі была даказаная, шкоду ён кампэнсаваў і заплаціў штраф.
«Упраўленьнем Сьледчага камітэту Горадзенскай вобласьці завершана расьсьледаваньне крымінальнай справы па абвінавачваньні жыхара Горадні Станіслава Сямашкі ў прычыненьні маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу ў буйным памеры (ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Віна мужчыны даказаная сьледзтвам у поўным аб’ёме», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Сьледчага камітэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасеклі сякерай? На горадзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справуПаводле інфармацыі СК, Сямашка ўпершыню зрабіў злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, цалкам прызнаў віну, кампэнсаваў пацярпеламу прычыненую шкоду. Таму ён падаў хадайніцтва аб вызваленьні яго ад крымінальнай адказнасьці, а сьледзтва яго задаволіла.
«Прынята рашэньне аб спыненьні крымінальнага перасьледу на нерэабілітуючых падставах», — паведамляюць у СК.
У выніку Сямашка заплаціў штраф.
Тыдзень таму юрыст бізнэсоўца Ігар Абрамовіч паведаміў, што справу супраць Сямашкі закрылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не дэкор, а хлам». Справу супраць гатэльнага ўласьніка Сямашкі закрылі
У чым справа
Пра тое, што Станіславу Сямашку і ягонай жонцы пагражае крымінальная адказнасьць і пазбаўленьне волі да 10 гадоў, стала вядома летась у лістападзе.
Прадметам канфлікту стаў дэкор, замоўлены для новага апарт-гатэлю ў Горадні. Якасьць аздабленьня не задаволіла Сямашку, і ён праз суд вярнуў сабе выплачаныя раней грошы.
Майстар Георгі Прыходзька, які вырабляў дэкор, паспрабаваў празь міліцыю аднавіць справядлівасьць і вярнуць сабе або аплату, або дэкор, які ў выглядзе сьмецьця знайшлі на лецішчы ў Сямашак.
У лістападзе журналістам Свабоды не далося атрымаць камэнтар па дадзенай справе ў Сьледчым камітэце.