Журналістаў «Белсату» аштрафавалі за матэрыял пра горадзенскія сутарэньні

Алесь Кіркевіч (зьлева) і Алесь Дзянісаў на судзе

Журналістаў тэлеканалу «Белсат» Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча аштрафавалі на 765 рублёў (30 базавых велічыняў) кожнага за гістарычны матэрыял пра Горадню.

Такое рашэньне прыняў суд Ленінскага раёну Горадні 1 лютага. Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын.

Суд прызнаў Дзянісава і Кіркевіча вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч. 2. арт. 22.9 КаАП Беларусі). Нагодай стаў відэаматэрыял пра старажытныя горадзенскія сутарэньні на тэлеканале «Белсат».

Журналісты не прызналі сябе вінаватымі, адмовіліся даваць паказаньні ў судзе.

Апошні раз абодвух журналістаў штрафавалі паводле аналягічнага артыкулу ў 2015 годзе.

Летась Дзянісава аштрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі ў сацыяльных сетках.